Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 31 Кастрычнік 2014

Павал Левінаў працягвае выяўляць абсурднасьць рашэньня Віцебскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праваабаронца Павал Левінаў праінфармаваў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні адзінаасобнага вулічнага шэсьця. У якасьці маршруту ён пазначыў дарогу ад свайго дому да крамы “Віцебскія прадукты”. І атрымаў пісьмовую забарону на падставе таго, што ня выканаў патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”.

“Заяўка ў гарвыканкам была пададзеная, бо мой маршрут у краму праходзіць па тэрыторыі двух раёнаў – Кастрычніцкага і Першамайскага. А забарону я атрымаў, бо не заключыў дамоваў на абслугоўваньне маёй адзінаасобнай акцыі супрацоўнікамі міліцыі, паліклінікі і службы ЖКГ. Большы абсурд уявіць цяжка: гарвыканкам патрабуе, каб я ішоў у краму ў суправаджэньні міліцыянта, урача і дворніка зь мяцёлкай. Бо ў рашэньні гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску” гаворыцца, што заяўнікі, каб атрымаць дазвол на нейкую акцыю, мусяць разам з заяўкай падаваць і дамовы, заключаныя з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай, міліцыяй і прадпрыемствам ЖКГ. У той самы час гарадзкія ўлады прадэманстравалі і ўласнае няведаньне заканадаўства: каб акцыя лічылася масавым мерапрыемствам, у ёй павінны узяць удзел прынамсі 2 чалавекі. Я ж зьбіраўся ісьці адзін. Значыцца, маё шэсьце пад заканадаўства аб масавых акцыях не падпадае наогул”, – тлумачыць праваабаронца.

Павал Левінаў падрыхтаваў заяву ў суд наконт забароны адзінаасобнага шэсьця. Там напісана, што гарвыканкам парушае ягонае права на правядзеньне акцыяў. Праваабаронца лічыць, што патрабаваньні рашэньня гарвыканкаму №881 невыканальныя – адпаведна, трэба прадэманстраваць уладам абсурднасьць такіх дакумэнтаў:

“За апошнія 5 гадоў, з часу прыняцьця гэтага рашэньня, у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы мясцовых актывістаў. Бо міліцыя і паліклініка адмаўляюцца заключаць дамовы з заяўнікамі, спасылаючыся на розныя прычыны. Таму я імкнуся прадэманстраваць, што з такім падыходам пад парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах можна падвесьці ўсё што заўгодна, у тым ліку пэрсанальны паход у краму. Няхай віцебскія ўлады ведаюць, што іхныя высілкі выглядаюць сьмешна і не выклікаюць павагі ў грамадзян”.

Нагадаем, спроба давесьці сытуацыю з масавымі акцыямі да абсурду ўжо ня першая ў Паўла Левінава. Раней ён падаваў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністацыю, каб правесьці сход грамадзян у лазьні. Высьветлілася, і там зьбірацца кампаніямі нельга: праваабаронцу адказалі, што і ў гэтым выпадку трэба заключаць дамовы з мэдыкамі, супрацоўнікамі ЖКГ і міліцыяй.

Павал Левінаў перакананы, што ўмовы атрыманьня дазволу на масавыя мерапрыемствы ў Віцебску трэба мяняць, бо яны невыканальныя. Гэтую праблему спрабуюць вырашыць і віцебскія партыйцы – яны неаднаразова судзіліся за забароненыя акцыі, патрабавалі зьмяніць рашэньне віцебскага гарвыканкаму №881, зьвяртаючыся ў самыя розныя інстанцыі. Аднак адусюль адказваюць, што яно прайшло юрыдычную экспэртызу, унесенае ў рэестар прававых актаў, і таму нібыта абсалютна бездакорнае.

Паводле spring96.org