Друкаваць гэтую старонку
Серада, 27 Красавік 2016

У Воршы прайшоў круглы стол, прысьвечаны «Рускаму сьвету»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Нягледзячы на ​​публічнае запрашэньне, ніводзін прыхільнік канцэпцыі «Рускага сьвету» на мерапрыемства, каб выказаць сваю пазыцыю, не прыйшоў.

У першай частцы мерапрыемства арганізатары ўвялі прысутных у курс справы. Першым выступіў Аляксандар Шутаў, які распавёў пра тое, што такое «Рускі сьвет», падкрэсьліўшы, што ня варта блытаць Расею і канцэпцыю «Рускага сьвету». А прыхільнікаў гэтай канцэпцыі ня варта асацыяваць з усімі расейцамі або рускімі. Ён растлумачыў гістарычныя працэсы, пры якіх стварылася гэтая канцэпцыя, і як яна мянялася з часам, дайшоўшы да нашых дзён у выглядзе агрэсіўнай шавіністычнай ідэі, якую эксплёатуюць крамлёўскія палітыкі.

Другім выступіў Ігар Казьмярчак, які распавёў пра «агентаў» «Рускага сьвету» ў Воршы і рэгіёне. Зрабіўшы націск на грамадзкія ініцыятывы і арганізацыі, як тыя, якія працавалі раней, гэтак і тыя, якія існуюць сёньня. Так, да сярэдзіны першай паловы 2010-га дзесяцігодзьдзя ў Воршы, як і шмат дзе па іншых рэгіёнах, дзейнічала структура расейскай фашыстоўскай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства». Сёньня яе ў Воршы не існуе, як перасталі праводзіцца і «Рускія прабежкі», якія ў Расеі ініцыявалі экстрэмісцкія арганізацыі, а потым распаўсюдзілі і на суседнія краіны. Пры гэтым самі прабежкі выявіліся толькі мэтадам вэрбоўкі людзей, а потым актыўныя «бегуны» (на шчасьце, у Воршы гэтая акцыя ня сталася папулярнай) зьбівалі людзей зь іншым колерам скуры. Але ў горадзе і дагэтуль ёсьць актыўныя людзі і арганізацыі, якія выступаць за канцэпцыю «Рускага сьвету» і спрабуюць весьці актыўную дзейнасьць, праўда, зь пераменным посьпехам.

Трэцім выступіў Аляксандар Макарэвіч, які распавёў пра інфармацыйную працу ў сацыяльных сетках па супрацьстаяньні «Рускаму сьвету» і тыя «няёмкія моманты» для прапаганды гэтай канцэпцыі, якія выкарыстоўваюцца сёньня. Напрыклад, фотаздымкі ўдзельнікаў акцыяў за «Рускі сьвет» з фашысцкай сымболікай і ўдзел праваслаўных сьвятароў, казакоў і іншых арганізацыяў, якія сёньня прымаюцца прыхільнікамі «Рускага сьвету» за сваіх адэптаў у вайне на баку Нямеччыны. Пры канцы выступу ён выказаў надзею, што калі канцэпцыя «Рускага сьвету» прайграе, то расейскія палітыкі зноў змогуць успрымаць сваіх суседзяў ня як аб'ект сваіх інтарэсаў або «меншых братоў», а як паўнавартасных партнэраў.

Пасьля асноўных выступаў адбылося абмеркаваньне сытуацыі усімі прысутнымі. Такія абмеркаваньні будуць працягнутыя ў будучыні ў іншых фарматах.

orsha.eu