Друкаваць гэтую старонку
Серада, 25 Лістапад 2020

У Дуброўне зноў прыходзілі з ператрусам да Віктара Бугаёва – ён жыве за мяжой

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Наталля Стрэльчанка і Віктар Бугаёў. Фота: https: facebook.com Наталля Стрэльчанка і Віктар Бугаёў. Фота: https: facebook.com

24 лістапада да Наталлі Стрэльчанка – жонкі блогера і актывіста «Народнай Грамады» Віктара Бугаёва, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з панятымі, каб правесці ператрус. Гэта ўжо другі за два месяцы ператрус, які робіць дубровенская міліцыя ў межах крымінальнай справы, заведзенай на Бугаёва нібыта за абразу брэсцкага міліцыянта ў сацсетках.

Раней была канфіскаваная кампутарная тэхніка і тэлефон. У аўторак 24 лістапада Наталля Стрэльчанка адправілася раніцай у райаддзел СК, каб забраць канфіскаваныя раней рэчы. Але спроба абярнулася новым ператрусам.

«Сёння раніцай хадзіла ў Дубровенскі следчы камітэт забраць рэчы. Прыйшла, прачакала паўтары гадзіны – на месцы не было намесніка начальніка, а потым сказалі прыходзіць пасля абеду. Я прыйшла дадому, а тут міліцыянты з новай пастановай пра ператрус. Я ў шоку!» – падзялілася Наталля Стрэльчанка.

Гэтым разам супрацоўнікам міліцыі нічога цікавага для сябе не ўдалося знайсці.

«Забароненых аб'ектаў ня выяўлена», – запісаў у пратаколе ператрусу маёр міліцыі Юрый Кавалёў.

Віктар Бугаёў – стваральнік і аўтар суполкі «Усе пра Дуброўна». Праз актыўную грамадзянскую і палітычную пазіцыю трапіў пад пераслед мясцовых уладаў, 3 гады таму быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Уладзімір Бяляўскі