Друкаваць гэтую старонку
Серада, 20 Май 2020

Былога кіраўніка Браслаўскага раёну асудзілі на 10 гадоў, ягоную жонку – на 4 гады

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімер Дранеўскі за кратамі. Фота: news.vitebsk.cc Уладзімер Дранеўскі за кратамі. Фота: news.vitebsk.cc

У Віцебску вынесьлі прысуд экс-старшыні Браслаўскага райвыканкаму Уладзімеру Дранеўскаму і ягонай жонцы Алене Дранеўскай. Іх асудзілі, адпаведна, да 10 і 4 гадоў зьняволеньня. Таксама сужэнцы мусяць сплаціць 120 тыс. рублёў, кватэра ў Менску канфіскаваная, пішуць Народныя навіны Віцебска.

Былога кіраўніка Браслаўскага раёну вінавацілі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу, чатыры зь іх – карупцыйныя. Ягонай жонцы выставілі абвінавачаньне паводле трох артыкулах.

Дранеўскіх затрымалі амаль два гады таму – напрыканцы чэрвеня 2018 году. Ад таго моманту яны знаходзіліся пад вартай. Віцебскі абласны суд пачаў разгляд справы ў сьнежні 2019-га. Сваёй віны падсудныя не прызналі.

19 траўня Віцебскі абласны суд абвясьціў прысуд.

Уладзімер Дранеўскі прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, у перавышэньні ўлады, махлярстве, падбухторваньні да дачы хабару і ў «адмываньні» грошай, атрыманых злачынным чынам.

Дранеўскага прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апроч таго, ён 5 гадоў ня зможа займаць пасады ва ўладных структурах.

Алену Дранеўскую прызналі вінаватай у крадзяжы шляхам злоўжываньня ўладай, саўдзеле ва ўмысным учыненьні дзеяньняў, якія выходзілі за межы правоў і паўнамоцтваў, а таксама – у «адмываньні» грошай. Вырак – 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і забарона займаць пасады, зьвязаныя з арганізацыйна-распарадчымі абавязкамі, на 5 гадоў.

Паводле прысуду сужэнцы мусяць салідарна выплаціць на карысьць пацярпелых 57,6 тыс. рублёў.

З Уладзімера Дранеўскага спагналі 36 904 рублі матэрыяльнай і 2000 рублёў маральнай шкоды. Дзяржаве ён мусіць заплаціць 24 344 рублі 90 капеек.

Канфіскаваная таксама кватэра Дранеўскіх у Менску.

Прысуд не набыў пакуль законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога суду.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.