Друкаваць гэтую старонку
Серада, 16 Кастрычнік 2019

Яшчэ адну справу за незаконнае абарачэньне наркотыкаў накіравалі ў пракуратуру

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Фота: sk.gov.by Фота: sk.gov.by

Сьледчае ўпраўленьне УСК па Віцебскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне крымінальнай справы аб незаконным абарачэньні наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў, учыненым групай асобаў. Па справе праходзяць чатыры хлопцы, траім зь якіх – 19 гадоў, паведамляе прэс-служба УСК па Віцебскай вобласьці.

Паводле сьледзтва, чацьвёра абвінавачаных пры дапамозе створанай імі вясной 2019 году старонкі ў інтэрнэт-краме распаўсюджвалі наркотыкі на тэрыторыі Віцебску і Наваполацку. Забароненыя рэчывы для продажу маладыя людзі набывалі ў інтэрнэт-крамах Расейскай Фэдэрацыі. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што такім чынам яны набылі і перавезьлі празь мяжу  больш за 132 грамаў гашышу і 2,2 грама амфэтаміну.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, маладзёны сумесна куплялі наркотыкі, дзялілі між сабой, потым кожны зь іх расфасоўваў і раскладваў у схованкі сваю частку. Інфармацыю пра месцы схованак выкладалі на старонцы інтэрнэт-крамы.

“Сьледчымі дапытаныя абвінавачаныя і сьведкі, праведзеныя вочныя стаўкі, агледжаныя прадметы, прызнаныя рэчавымі доказамі, праведзены шэраг экспэртных дасьледаваньняў, агледжаныя і прааналізаваныя зьвесткі аб тэлефонных злучэньнях абвінавачаных”, – паведамляе УСК па Віцебскай вобласьці.

Траім хлопцам прад’явілі абвінавачаньне паводле ч.2 арт. 328-1 (незаконнае перамяшчэньне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў і асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове) і  ч.3 арт.328 (незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў) КК РБ. Чацьвертага маладзёна абвінавацілі толькі па  ч.3 арт.328 КК.

Усе чатыры абвінавачаныя – раней ня суджаныя. На дадзены момант яны знаходзяцца пад вартай.

Крымінальная справа накіраваная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.