Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 31 Май 2019

Эўразьвяз падтрымае аршанскіх і браслаўскіх бізнэсоўцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Праект у Віцебску прэзэнтавала Людміла Сакалоўская Праект у Віцебску прэзэнтавала Людміла Сакалоўская

У Віцебску 29 траўня прайшла інфармацыйная сустрэча, на якой быў прэзэнтаваны новы праект ЭЗ / ПРААН “Падтрымка эканамічнага разьвіцьця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Праект стартаваў у Беларусі 1 лютага. Гэта адзін з кампанэнтаў больш маштабнай праграмы “Стымуляваньне разьвіцьця прыватнай ініцыятывы ў Беларусі» (SPRING), якая фінансуецца ЭЗ у межах Эўрапейскага інструмэнту добрасуседзтва. Агульны бюджэт складае 9 461 600 даляраў.

Кіраўнічка праекту Людміла Сакалоўская распавяла ў прэзэнтацыі пра асноўныя правілы ўдзелу ў конкурсе, азнаёміла з некаторымі нюансамі і “падводнымі камянямі”.

“Мэта гэтай праграмы – падтрымка эканамічнай ініцыятывы, канкурэнтаздольнасьці і інавацыяў для інклюзіўнага разьвіцьця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, – паведаміла Людміла Сакалоўская. 

У Віцебскай вобласьці праект будзе ажыцьцяўляцца на тэрыторыі двух пілётных раёнаў – Аршанскага і Браслаўскага. Усяго ж у Беларусі будзе задзейнічана 12 раёнаў.

Праект мае вырашыць тры асноўныя задачы. Гэта распрацоўка з удзелам зацікаўленых бакоў раённых плянаў разьвіцьця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (РПР МСП), а таксама – комплексу мер па павышэньні эфэктыўнасьці іх рэалізацыі. Апроч таго, пашырэньне доступу да фінансаваньня для ініцыятыў у межах рэалізацыі гэтых плянаў.

У рамках праекту ў кожным раёне плянуецца стварыць па адным бізнэс-інкубатары, на што выдзяляецца па 100 000 даляраў на раён. Прычым стварацца гэтыя бізнэс-інкубатары будуць у партнэрстве з рознымі грамадзкімі арганізацыямі, навучальнымі ўстановамі і іншымі зацікаўленымі структурамі.

Што тычыцца непасрэдна малога бізнэсу, то для яго падтрымкі на 12 раёнаў будзе выдзелена 1 440 000 даляраў на 24 клястарныя ініцыятывы і 1 525 000 даляраў на стартапы (61 стартап па 25 000). Пры прыняцьці рашэньняў аб выдзяленьні грантаў акцэнт будзе зроблены на сацыяльна не абароненыя і малазабясьпечаныя групы насельніцтва, а таксама на стварэньне інклюзіўных працоўных месцаў.

Таксама прадугледжваецца выдзяленьне 1 800 000 даляраў на падтрымку сацыяльных прадпрыемстваў (ня менш як 45 ініцыятываў).

На дадзены момант Браслаўскі раён зьяўляецца адным з найгоршых у краіне ў эканамічным разьвіцьці, і цалкам магчыма, што ўдзел у праекце дапаможа мясцоваму бізнэсу ўстаць на ногі.

Сустрэча прайшла ў будынку Віцебскага аблвыканкаму.

Уладзімер Бяляўскі