Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Кастрычнік 2018

Расстрэльная ноч віцебскай інтэлігенцыі. Хто быў катам

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Крыжы ў Хайсах - віцебскіх Курапатах Крыжы ў Хайсах - віцебскіх Курапатах

У ноч з 3-га на 4-е лістапада 1937 году непадалёку ад Віцебску супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня Наркамату ўнутраных спраў (НКУС - НКВД) расстралялі больш за сто мірных грамадзян. Большасьць зь іх былі прадстаўнікамі віцебскай інтэлігенцыі. Імя ката – вядома.

Польская справа

У 1937 годзе віцебскім НКУС кіраваў беларус Іван Гарбаленя (у некаторых дакумэнтах – Гарбалень). Менавіта ім і ягонымі падначаленымі была сфабрыкаваная справа мітычнай “дывэрсійна-шпіёнскай “Польскай арганізацыі вайсковай”. Нібыта гэтая група мела на мэце зрынуць савецкую ўладу і адарваць “Советскую Белоруссию от Советского Союза”.   

Па справе “польскай арганізацыі” былі асуджаныя і расстраляныя 112 чалавек. Большасьць зь іх – прадстаўнікі інтэлектуальнай і мастацкай эліты, якія нарадзіліся альбо мелі сваякоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Хайсы - месца сталінскіх расстрэлаў нявінных ахвяраў

Сярод расстраляных – мастакі і выкладчыкі Віцебскага мастацкага тэхнікуму браты Пётар і Хрыстафор Даркевічы, Яўхім Мінін, а таксама мастак-кубіст і загадчык навучальнай часткі Віцебскага кінатэхнікуму Іван Гаўрыс ды іншыя.

Іван Гаўрыс, "Кубізм". Праца захоўваецца ў Краснадарскім музэі імя Каваленкі

Таго ж Гаўрыса абвінавацілі ў прыналежнасьці да польскай вайсковай арганізацыі толькі на падставе таго, што ён нарадзіўся на тэрыторыі, якая згодна з умовамі Рыскай дамовы 1921 году ўвайшла ў склад Польшчы.

Хто такі Іван Гарбаленя

Рэдка калі ў такіх выпадках вядомыя імёны катаў. Але імя віцебскага забойцы і душагуба гісторыя захавала – гэта Іван Андрэевіч Гарбаленя (Гарбалень). Ён быў беларусам і паходзіў зь сялянскай сямі.

У 1937-м яму было 35 гадоў, ад 1927-га – член Усесаюзнай партыі бальшавікоў. У органах ВЧК-ОГПУ-НКВД служыў ад 1922 году. Ад 7 верасьня 1936 году да 15 лютага 1938 году выконваў абавязкі начальніка Віцебскага гарадзкога аддзелу НКУС (НКВД) БССР, маючы пры гэтым званьне старэйшага лейтэнанта (а ў дадатак – ордэн Чырвонай зьвязды і знак Ганаровага работніка ВЧК-ОГПУ).

У Віцебск яго перавялі з Бабруйску, але ўжо ў лютым 1938-га Іван Гарбаленя апынуўся ў Краснаярскім краі, куды быў пераведзены ў якасьці памочніка (а пасьля – часова выконваючага абавязкі) начальніка УНКУС.

На жаль, фота Гарбалені ня маем. Гэта - супрацоўнікі НКВД Краснаярскага краю (1938). дзе пасьля Віцебску служыў Іван Гарбаленя.

У Віцебску быў вядомы ня толькі як ініцыятар і выканаўца “справы палякаў”. Гарбаленю падазравалі ў датычнасьці да забойства вядомага мастака Юдэля Пэна (быў забіты 1 сакавіка 1937 году). Сьледчы, які вёў справу, прыгадаў, што адну з работ майстра (партрэт аголенай жанчыны), якая зьнікла пасьля забойства, бачыў у кабінэце начальніка Віцебскага НКУС. Напісаў рапарт у Менск, але праз два дні быў забіты стрэлам у галаву…

Але не абмінула кара і Гарбаленю. Ягоная энкэвэдэшная кар’ера скончылася ў верасьні 1938 года. Ён быў арыштаваны, а 20 лютага 1939 году – асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР  да вышэйшай меры пакараньня. Быў расстраляны ў той жа дзень. Месца пахаваньня – Масква, Данской крэматорый, магільнік №1.

Якія-небудзь сьведчаньні аб рэабілітацыі Гарбалені ў адкрытых крыніцах адсутнічаюць.

Лявон Яфрэменка