Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 26 Чэрвень 2018

Хакатон «Smart City» прайшоў у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На працягу трох дзён, з 22 па 24 чэрвеня, у гарадзкой бібліятэцы імя Горкага ў межах дзён гораду праходзіў трэці урбан-арт форум «Прастора». Імпрэза ладзілася ў фармаце хакатону – своеасаблівага інтэлектуальнага маратону распрацоўшчыкаў, які доўжыўся некалькіх дзён кругласутачна безь перапынку. Праграмісты, дызайнэры, мэнэджэры, урбаністы, эколягі атрымалі магчымасьць сустрэцца ў адным месцы і сумеснымі намаганьнямі распрацаваць і рэалізаваць праекты.

Тэма сёлетняга форуму – «Smart City» – спроба зірнуць на Віцебск з пункту гледжаньня «разумнага гораду». Удзельнікам неабходна было прапанаваць і распрацаваць праекты, якія б спрыялі вырашэньню экалягічных, энэргетычных і інфраструктурных праблем гораду. Дапамагчы вырашыць такую складаную задачу мусілі запрошаныя экспэрты, якія праводзілі лекцыі і індывідуальныя кансультацыі.

Так, Андрэй Касьцючэнка, галоўны інжынэр праектаў Санкт-Пецярбурскага навукова-дасьледчага і праектнага інстытуту горадабудаўнічага праектаваньня, правёў публічную лекцыю «SAGA пра горад: разумныя рашэньні для разьвіцьця гарадоў», у якой распавёў пра разьвіцьцё гарадзкой інфраструктуры ў розных гарадох сьвету (функцыянаваньне роварных дарожак у краінах заходняй Эўропы, будаўніцтва і функцыянаваньне грамадзкіх гарадзкіх месцаў – паркаў, сквэраў, стадыёнаў); падзяліўся тымі праблемамі, зь якімі сутыкнуўся Санкт-Пецярбург і яго жыхары падчас арганізацыі і правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе (брак грамадзкага транспарту, узрослая нагрузка на гарадзкую інфраструктуру, цяжкасьці з разьмяшчэньнем гасьцей гораду). Таксама спадар Андрэй зьвярнуў увагу на шэраг хібаў у працы віцебскіх уладаў і зважыў на праблемы ў інфраструктуры гораду – недастатковая колькасьць грамадзкіх прыбіральняў, адсутнасьць раскладу маршрутных таксі на прыпынках («Ці маршруткі – гэта не грамадзкі транспарт?» – абураўся ён) і нязручнае афармленьне шыльдаў з раскладам аўтобусаў, тралейбусаў ды трамваяў і іншыя праблемы.

Ілона Эльяшэвіч, выкладчыца катэдры горадабудаўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту і ўдзельніца Менскай урбаністычнай пляцформы прачытала лекцыю «Шматслаёвы горад»; Дзьмітры Фёдараў, кіраўнік накірунку дасьледаваньняў і распрацовак у кампаніі «Synesis» – лекцыю «Інтэрнэт рэчаў для разумнага гораду», у якой распавёў пра тэхналёгію «разумных сьвятлафораў», што самастойна з дапамогай датчыкаў аналізуюць трафік і выбіраюць аптымальны варыянт пераключэньня; Дзьмітрый Мароз, мэнэджэр па разьвіцьці зь менскай фірмы «Softeq» правёў урбаністычную гутарку на тэму «Як працуе мадэль Smart City ў Арабскіх Эміратах».

Удзельнікі хакатону заявілі 10 ідэяў, над якімі яны і працавалі цягам 48 гадзін безь перапынку. Сярод гэтых ідэяў – распрацоўка мабільнага дадатку для турыстаў, з дапамогай якога можна складаць розныя тэматычныя маршруты; усталяваньне ў горадзе кантэйнэраў для падзельнага збору сьмецьця з QR-кодамі; распрацоўка сыстэмы зручнай падсьветкі гарадзкіх будынкаў у спальных раёнах; аналіз правільнасьці (неабходнасьці і законнасьці) ўстаноўкі рэклямных шчытоў і банэраў ў цэнтры гораду.

Працуючы над праектамі, паасобныя ўдзельнікі прыходзілі да высновы, што частка праблемы ляжыць у палітычнай плашчыні – у адсутнасьці мясцовага самакіраваньня і моцнай грамадзянскай супольнасьці. А бяз гэтага цяжка прымусіць віцебскія ўлады прымаць патрэбныя для грамадзтва рашэньні.

Форум праводзіўся пры садзейнічаньні праекту «Падтрымка ініцыятывы "Пагадненьне мэраў" у Беларусі», што фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам у межах ініцыятывы «EU4Energy».

Уладзімер Бяляўскі