Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 01 Чэрвень 2018

Уганараваныя пасьмяротна. Чатыры жыхары Віцебскага раёну прызнаныя Праведнікамі сьвету

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Назар, Ганна і Фёдар Кузьміны. Фота зь сямейнага архіву Вадзіма Кузьміна Назар, Ганна і Фёдар Кузьміны. Фота зь сямейнага архіву Вадзіма Кузьміна

Яшчэ чацьвёра нашых землякоў атрымалі нядаўна тытул “Праведнікі Сьвету”. Гэтае ганаровае званьне было нададзена пасьмяротна колішнім жыхарам вёсцы Машкіна (пад Заронавам) Назару і Ганьне Кузьміным, а таксама іх дзецям Аксане і Фёдару. Пра гэта “Віцебскай вясьне” паведаміў унук Назара і Ганны віцяблянін Вадзім Кузьмін.

Падпалкоўнік запасу і сябра левай партый “Справядлівы сьвет” Вадзім Кузьмін расказаў, што ліст з  аддзелу “Праведнікі Сьвету” ізраільскага інстытуту “Яд Вашэм” атрымаў 19 траўня.

У лісьце паведамляецца, што рашэньнем спэцыяльнай камісіі ад 22 красавіка 2018 году Кузьміным Назару і Ганне, а таксама іх дзецям Аксане і Фёдару пасьмяротна нададзенае ганаровае званьне “Праведнікі Сьвету” – “у знак найглыбейшай удзячнасьці за дапамогу, аказаную габрэйскаму народу ў гады Другой сусьветнай вайны”.

Імёны Кузьміных будуць выгравіраваныя на Сьцяне Гонару мэмарыялу гісторыі Галакосту “Яд Вашэм”. А мэдалі і ганаровыя дыплёмы на імёны Праведнікаў  будуць дасланыя на адрас амбасады Ізраілю ў Беларусі.

Вадзім Кузьмін расказвае гісторыю выратаваньня Лёвы Варабейчыка

У 1942 годзе сям’я Кузьміных выратавала ад лютай сьмерці габрэйскага хлопчыка Лёву Варабейчыка. Гісторыя гэтага збаўленьня добра вядомая Вадзіму Кузьміну па расповедах дзеда, дзядзькаў і самога Льва Варабейчыка, цёплыя стасункі зь якім сям’я падтрымлівала аж да самай ягонай сьмерці ў 1984 годзе.

Пад носам у немцаў…  

У марозны лютаўскі вечар 1942 году ў хату Кузьміных пагрукалі: “Дапамажыце!” На парозе стаяў ледзь жывы хлапчук. Як высьветлілася пазьней, хлопец выжыў толькі празь шчасьлівы выпадак – усю ягоную сям’ю фашысты расстралялі, і ён быў сьведкам гэтага злачынства.

Прайшоўшы па бязьлітасным марозе дзясяткі кілямэтраў, апынуўся ў Машкіне. Ледзь стаяў на ганку, бо ногі былі адмарожаныя. Гаспадары, не вагаючыся, упусьцілі хлопца ў дом, хаця рызыка была ў поўным сэнсе слова сьмяротная – за ўкрыцьцё габрэя ўсёй сям’і Кузьміных пагражаў расстрэл.

Сытуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што ў хаце Кузьміных “кватараваў” камандзір нямецкага сапёрнага батальёну…

Сям’я Назара – пчаляра і кулямётчыка

Як распавёў Вадзім Кузьмін, у сям’і ягонага дзеда Назара было чацьвёра дзяцей – старэйшая Аксана, Мікалай (бацька Вадзіма), Фёдар і самы малодшы – Гера (Георгій). Але на пачатак 1942 году пры бацьках заставаліся трое, бо 16-гадовы Мікалай падаўся ў апалчэньне (бацька Вадзіма Кузьміна прайшоў усю вайну, дайшоў да Бэрліну).

Назар, Ганна і Фёдар Кузьміны. Фота з архіву Вадзіма Кузьміна

Працавітая сям’я старавераў Кузьміных была дастаткова заможнай. Гаспадара Назара Калістратавіча – палясоўшчыка і выдатнага пчаляра – у вёсцы вельмі паважалі. Дарэчы, у Першую сусьветную служыў кулямётчыкам. За раненьне, якое атрымаў на фронце, яму перадалі ў валоданьне 14 га зямлі, на якой Назар пабудаваў дом.

Вадзім Кузьмін расказвае, што дзед ня цешыў сябе ілюзіямі наконт немцаў. Казаў дзецям, што нічога добрага чакаць ад іх ня варта, і трэба рабіць усё, каб ад іх рук ня гінулі мірныя людзі. Таму нейкага цяжкага маральнага выбару – ратаваць ці не ратаваць габрэйскага хлопчыка – нават не паўставала. Канечне, ратаваць.

Хавалі, выходжвалі, лячылі…

“Калі ён прыйшоў, немцы, якія ў нас стаялі, ужо спалі. Бабуля пабачыла хлопчыка, завяла ў хату і схавала за печку. Завалілі яго там футрамі ды коўдрамі. Тры дні пад гэтымі футрамі і праляжаў. А зьверху сядзелі дзядзя Федзя і дзядзя Гера...” – расказвае Вадзім Мікалаевіч, спасылаючыся на ўспаміны сваіх дзядзькаў.

“Празь некалькі дзён, калі немцаў не было ў хаце, Лёву таемна перавялі на хутар у лазьню, дзе яго хавалі, выходжвалі і лячылі… Сястра Аксана лячыла яго, прыносіла мэдыкамэнты, дапамагала чым магла”, - гэта ўжо паводле пісьмовых успамінаў Георгія Назаравіча (Геры). Ежу ў лес насілі Федзя і Гера.  

Між іншым, Аксана, былая студэнтка віцебскага мэдінстытуту, няблага ведала нямецкую мову і працавала ў шпіталі, таму насамрэч мела доступ да мэдыкамэнтаў. Дзякуючы ёй, Лёва Варабейчык выжыў і стаў на ногі.

Аксана Кузьміна (у цэнтры) з мужам і сябрамі. Пасьляваеннае фота з архіву Вадзіма Кузьміна

Колькі ж насамрэч жыцьцяў выратавала мэдсястра Аксана Кузьміна, ужо не падлічыш. Але менавіта празь яе неабходныя лекі перадаваліся ў бліжэйшы партызанскі атрад. Праз даносы яе некалькі разоў ставілі да сьценкі. Але ў абодвух выпадках жыцьцё дачкі ўдалося ў поўным сэнсе слова выкупіць Назару Калістратавічу. Як расказаў Вадзім Кузьмін, “у першы раз дзед занёс немцам вялікі залаты крыж, другі разам – вялікі цэбар мёду паліцаям”.

“Праз тры месяцы дзядзя Федзя перавёў Лёву празь лінію фронта да партызанаў. Адтуль праз паўгода яго пераправілі на Вялікую зямлю. Такім чынам наш Лёва застаўся жывы”, – расказвае Вадзім Мікалаевіч.

Дадае, што ў той самай лазьні сям’ёй Кузьміных былі выратаваныя падчас вайны яшчэ некалькі чырвонаармейцаў.

Дзеду і бабулю называў “мама” і “тата”

Цікава склаўся і далейшы лёс герояў гэтай гісторыі. Лёва, апынуўшыся ў бясьпецы, празь некаторы час пачаў прасіцца на фронт, каб адпомсьціць за сям’ю. Але яму адмовілі – праз праблемы з нагамі. Тады разам зь сябрам паспрабавалі прабрацца на фронт самавольна ды патрапілі ў лапы СЬМЕРШу. Ледзь-ледзь былі не расстраляныя як шпіёны, бо ня мелі аніякіх дакумэнтаў. І выратаваліся толькі нейкім цудам…

Пасьля вайны Лёва Варабейчык шукаў сваіх выратавальнікаў, але безвынікова (дакладна не памятаў, дзе ўсё адбывалася). Рабілі спробы даведацца пра лёс выратаванага імі хлопчыка і Кузьміны – ніякіх сьлядоў. Але зноў дапамог выпадак. Назар Калістратавіч і Лёва празь некалькі гадоў пасьля Перамогі пазналі адзін аднаго на віцебскім базары. Ад таго часу цёплыя, рыхтык сямейныя, стасункі паміж Кузьмінымі і Варабейчыкамі трывалі да самага апошняга часу.

Лёва Варабейчык (у капелюшы) разам зь сям'ёй Кузьміных. 1958 год. Фота зь сямейнага архіву Вадзіма Кузьміна

“Ён ставіўся да нашай сям’і як да роднай, дзеда і бабулю называў “мама” і “тата”. Часта наведваў іх у Заронаве. І я ўжо добра яго памятаю. Добра ведаю ягонага сына Ігара, які жыве зараз у Нямеччыне і зь якім дагэтуль падтрымліваем стасункі. Знаёмы і з дачкой Сьвятланай, цяпер жыве ў Ізраілі”, – тлумачыць Вадзім Кузьмін.

Па словах Вадзіма Мікалаевіча, Леў Варабейчык ня толькі часта гасьціў у Кузьміных, але і шмат дапамагаў сваім “названым” бацькам і іх дзецям. Працаваў начальнікам мантажна-будаўнічага ўпраўленьня, таму меў такую магчымасьць.

Прыкладам, калі ў Фёдара Кузьміна (таго самага, які перавёў яго да партызан) згарэў дом, дапамог яму ў адбудове. А малодшага Геру ўзяў да сябе на прэстыжную працу. Што праўда, кабінэтнага работніка з Георгія Кузьміна не атрымалася – цягнула, як ён сам потым напіша, “на аб’ект”. Стаў пазьней выдатным бляхаром.

“Ён вельмі добра ставіўся да нашай сям’і. Дапамагаў заўсёды і Фёдару, і Аксане. Матка яго вельмі любіла. І калі ён прыяжджаў, заўжды панавала весялосьць. Аднойчы нават на верталёце прыляцеў у Заронава і катаў бацькоў і ўсю вёску. І ягоная жонка Дора прыяжджала, і дзеці. Мы ўсе сябравалі. Наша сям’я лічыла Лёву сваім сынам… Магчыма шчасьлівы лёс і Бог дапамаглі нам перажыць тую вайну…” –  піша ў сваіх успамінах Георгій Кузьмін (Гера).

Справа гонару

Леў Варабейчык сышоў з жыцьця ў 1984 годзе, быў пахаваны ў Віцебску на габрэйскіх могілках. Летась ня стала і Геры Кузьміна, які да апошніх дзён даглядаў магілу Лёвы, пакінуў пра яго і сваю сям’ю ўспаміны. Дзякуючы яму, а таксама праз руплівасьць яго пляменьніка Вадзіма Кузьміна і засталася жывая памяць пра тыя падзеі.

Вадзім Кузьмін

Нададзеная сям’і, хай і пасьмяротна, годнасьць “Праведнікі Сьвету” – гэта найперш справа гонару і гістарычнай праўды. Адно што камісія ў Ізраілі зь невядомых прычын так і не ўключыла ў сьпіс Георгія Кузьміна. “Магчыма, таму, што ў той час, калі ўсё адбывалася, дзядзя Гера меў усяго 6 гадоў, а магчыма, зь іншых прычын, але было б цалкам справядліва, каб гэтае званьне атрымаў і ён”, – лічыць пляменьнік і ўнук “Праведнікаў Сьвету” Вадзім Кузьмін.

Таксама Вадзім Мікалаевіч выказвае вялікую падзяку ўсім тым, хто спрыяў вяртаньню памяці і справядлівасьці. Зь цеплынёй і ўдзячнасьцю ўзгадвае кіраўнічку і стваральніцу славутага Заронаўскага музэю Людмілу Нікіціну, якая першая падала ідэю даслаць дакумэнты і сьведчаньні пра мінулае ў Ізраіль. Цяпер у Заронаўскім музэі захоўваецца нямала дакумэнтаў і экспанатаў пра сям’ю Кузьміных.

Ліст з Ізраілю

Вадзім Кузьмін гаворыць таксама, што нічога не атрымалася б, каб не вялікая дапамога дзяцей Льва Варабейчыка – Ігара і Сьвятланы. І каб не шматлікія матэрыялы ў дзяржаўных і незалежных (першая публікацыя была ў часопісе “Мішпоха”) СМІ.

Ганаровы тытул “Праведнікі сьвету” атрымалі ўжо больш за 800 беларусаў. Усяго ў сьвеце – больш за 26 тыс. чалавек прызнаныя Праведнікамі Сьвету.   

Зьміцер Міраш