Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 24 Верасень 2017

Глыбоцкія журналісты наведалі былога вязьня ГУЛАГу Міколу Конана

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Мікола Конан Мікола Конан

Мікола Конан атрымаў 10 год лягераў за адмову стаць “сексотам” КДБ. А перасьлед спадара Міколы пачаўся, калі ён, яшчэ ня ведаючы пра існаваньне Саюзу беларускіх патрыётаў, друкаваў для іх прысягу на просьбу сябра Васіля Мядзельца. Гэта адбывалася падчас яго навучаньня ў Глыбоцкай пэдвучэльні.

Мікола Конан быў вязьнем ГУЛАГу шэсьць год. Падчас знаходжаньня ў лягеры быў удзельнікам вядомага Нарыльскага паўстаньня ў 1953 годзе.  Гэта было самае працяглае і масавае выступленьне вязьняў у гісторыі ГУЛАГу. Хваляваньні адбываліся ва ўсіх шасьці лягерах. У паўстаньні ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек, практычна ўсе катэгорыі зьняволеных.

З журналістамі прыехаў і мастак з Шаркоўшчыны Віктар Крук. У той час, як журналісты размаўлялі зь Міколам Конанам, ён рабіў накіды яго партрэту. Партрэт павінен быць гатовы да дня народзінаў былога вязьня ГУЛАГу, які спадар Мікола будзе адзначаць у кастрычніку.

Мікола Конан распавёў журналістам і пра тое, чаму ў дзяцінстве ім з братам далі мянушкі “беларусікі”. Паводле словаў мужчыны, пачатковую адукацыю ён атрымаў у польскай школе, што знаходзілася ў роднай вёсцы Лужкі. Нягледзячы на моцны польскі ўплыў, дзякуючы бацькам ён з братам адчуваў подых беларускасьці. У той час, як у школе гучала толькі польская мова, дома бацька вучыў сыноў роднай. Зь вяскоўцамі бацька таксама намагаўся гаварыць толькі па-беларуску. Таму дарослых Конанаў у Лужках па-вулічнаму клікалі беларусамі, а малых, адпаведна, беларусікамі.

Паводле Міколы Конана, пасьля вызваленьня з ГУЛАГу ў верасьні 1954 году ён накіраваўся ў Беларусь. Але сутыкнуўся там з адмоўным стаўленьнем да сябе з боку мясцовай адміністрацыі і ня змог уладкавацца на годную працу (да зьняволеньня ён працаваў настаўнікам у вёсцы Залесьсе Глыбоцкага раёну). Таму мужчына разам зь сябрам Іванам Бабічам вымушаны быў зьехаць у Інту, дзе ўладкаваўся на працу шахцёрам. Толькі па выхадзе на пэнсію Мікола Конан вярнуўся ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, у родную вёску Лужкі.

Спадар Мікола быў рэабілітаваны ў 1993 годзе, працэс рэабілітацыі цягнуўся аж два гады. Пасьля ён займаўся і творчасьцю: пісаў вершы,браў удзел у напісаньні ўспамінаў да кнігі “Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў”.

Цяпер, на жаль, пасьля інсульту спадар Мікола ўжо ня піша, бо яму складана трымаць у рукох асадку. Пасьля хваробы яму цяжка даецца і гаворка. Нягледзячы на гэта, спадар Мікола Конан гасьцінна сустрэў журналістаў і грамадзкіх актывістаў, якія яго наведалі з дарункамі. Сустрэча зь беларускім патрыётам скончылася чаяваньнем за агульным сталом.

baj.by

1 камэнтар