Друкаваць гэтую старонку
Субота, 10 Чэрвень 2017

Дырэктарцы Віцебскай птушкафабрыкі не ўдалося ліквідаваць наступствы свайго арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вяртаньне пасьля двухгадовага зьняволеньня Ганны Шарэйкі пакуль не дапамагло Віцебскай бройлернай фабрыцы аднавіць долю на рынку. Пад кіраўніцтвам экс-сэнатара ў першым квартале віцебская бройлерка апынулася адным з двух буйных прадпрыемстваў галіны, якія скарацілі аб'ёмы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Па выніках першага кварталу Віцебская бройлерная птушкафабрыка, якая да затрыманьня Ганны Шарэйкі ўпэўнена ўтрымлівала на айчынным рынку трэцюю пазыцыю, засталася на пятым месцы. За гэты пэрыяд на ёй было выраблена 14,6 тысячы тонаў мяса птушкі.

Нагадаем, Ганна Шарэйка, якая на працягу многіх гадоў узначальвала Віцебскую бройлерную фабрыку, была пазбаўленая дэпутацкай недатыкальнасьці і зьмешчаная пад варту летам 2014 году. У аснову абвінавачаньня дзяржмэнэджэра былі пакладзеныя факты закупкі кармоў і кармавых дабавак ў фірмаў, якімі валодаў яе сужытнік летувіскі бізнэсовец Вальдэмарас Норкус.

Затрыманьні Ганны Шарэйкі і некалькіх мэнэджэраў нэгатыўна адбіліся на вытворчых і фінансавых паказчыках фабрыкі. Яна апусьцілася на пятае месца сярод найбуйнейшых вытворцаў. Упершыню за многія гады віцебскі вытворца ў 2015 годзе атрымаў страту.

Цягам 2016 году ў Менску прайшлі судовыя паседжаньні. Паводле іх вынікаў Ганна Шарэйка, якая так і не прызнала сваёй віны, была прысуджаная да 2,5 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу. З улікам адбытага пакараньня і амністыі яна была вызваленая наўпрост у судзе і празь некалькі дзён, у чэрвені мінулага году, вярнулася на сваё працоўнае месца.

З 13-ці найбуйнейшых вытворцаў мяса птушкі, дадзеныя па якіх апублікавала Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, скарацілі аб'ёмы вытворчасьці толькі дзьве фабрыкі. Сярод іх апынулася Віцебская бройлерная фабрыка, дзе тэмпы росту да першага кварталу 2016 году склалі 98%. На агракамбінаце «Сноў» вытворчасьць бройлераў ўпала на траціну – на 31%.

Сяргей Весьнін, zautra.by