Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 16 Май 2017

“Мая воля была паралізаваная”. Выкладчыцу ПДУ загіпнатызавалі і зьнялі ў порна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тамара П. Тамара П. Фота: “Аднаклясьнікі”

У сацсетцы “УКантакце” распаўсюджваецца “разьвітальны ліст” ад імя выкладчыцы Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тамары П. У лісьце гаворыцца пра намер 48-гадовай жанчыны звольніцца з ПДУ, прадаць кватэру і назаўжды зьехаць з Наваполацку. Прычына – порнаролік зь яе ўдзелам, зьняты яе партнэрам пяць гадоў таму: відэа быццам бы распаўсюджваецца “ў лакальнай сетцы праваахоўных органаў па ўсёй Рэспубліцы Беларусь”.

Таксама існуе відэа, у якім жанчына, падобная да Тамары П., чытае тэкст ліста.

Хто такая Тамара П.?

Магістар юрыдычных навук Тамара П. сапраўды працуе на катэдры крыміналістыкі і крымінальнага права ПДУ. Яна аўтар некалькіх дзясяткаў навучальных матэрыялаў па адміністрацыйным праве, юрыдычнай этыцы. Загадчыца катэдры Алена Ярмац кажа, што бачыла ліст, “і шмат хто ўжо яго бачыў”. Але камэнтаваць напісанае Алена Мікалаеўна не бярэцца: “Я сама крыху ў шокавым стане”.

Супрацоўнікі катэдры спрабавалі скантактавацца з Тамарай П., але яна не здымала слухаўку. Журналістам таксама не атрымалася датэлефанавацца да выкладчыцы.

Малодшы сын Тамары П. Альгерд паведаміў, што “зь ёю ўсё ў парадку”. Але дадаў, што ні ён, ні яго мама пакуль што ня хочуць абмяркоўваць апошнія падзеі.

Што сказана ў лісьце?

Сем гадоў таму жанчына балюча перажывала развод з мужам, зь якім пражыла амаль дваццаць гадоў і вырасьціла дваіх дзяцей. У 2010 годзе ў яе жыцьці зьявіўся новы мужчына. Выкладчыца была знаёмая зь яго сынам, які навучаўся на завочным аддзяленьні юрфаку ПДУ.

Адносіны цягнуліся два гады.

“[Ён] пастаянна рабіў мне камплімэнты, называў прыгожай жанчынай, упэўніваў мяне, што я вартая самага лепшага ў гэтым жыцьці, называў мяне самай вартай жанчынай з усіх вартых жанчын”.

Рамантыка скончылася ў кастрычніку 2012 году. А нядаўна жанчына даведалася пра існаваньне пікантнага відэа зь яе ўдзелам. У лісьце сказана, што ролік далі паглядзець яе старэйшаму сыну, які працуе ў сыстэме праваахоўных органаў. Хлопец ня ведаў, што на экране зьявіцца яго мама.

Калі верыць зьместу ліста, відэа разьмешчанае ў разьдзеле “публічныя жанчыны-прастытуткі” лякальнай сеткі, доступ да якой маюць праваахоўнікі з усёй Беларусі. Паводле слоў аўтара ліста, доступ да роліка можна атрымаць за грошы – “відэа набрала мноства платных праглядаў”.

“Відэазапіс зроблены без майго ведама і згоды, ня ведала, што здымалі, ніколі б не пагадзілася на здымку такога характару, ніколі не брала ўдзелу ў такіх здымках. У дачыненьні да мяне быў прыменены псыхічны гвалт, у выніку якога мая воля была цалкам паралізаваная (гіпнатычнае ўзьдзеяньне адчувала на сабе)”.

Жанчына піша, што адчувае небясьпеку для свайго жыцьця: “Калі са мной адбудзецца страшнае, ня верце, што гэта адбылося выпадкова”.

Ці будзе міліцыя расьсьледаваць гэтую справу?

У наваполацкай міліцыі пацьвердзілі, што прынялі зварот ад Тамары П.

“Ён толькі сёньня [12 траўня] паступіў, толькі сёньня зарэгістраваны. Таму ніякай іншай інфармацыі я вам даць не магу”, – распавялі па тэлефоне апэратыўна-дзяжурнай службы Наваполацкага ГАУС.

Павал Сьвярдлоў, euroradio.fm