Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Лістапад 2016

Павал Севярынец падзяліўся зь віцебчукамі плянамі сьвяткаваньня стогадовага юбілею БХД

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Увечары 19 лістапада ў «Эўрапейскім клюбе» адбылася сустрэча з сустаршынём аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлам Севярынцам і аўтарамі «Беларускай хрысьціянскай азбукі», якую ўпершыню прэзэнтавалі ў Віцебску.

Па добрай традыцыі хрысьціянскіх дэмакратаў, якой ужо сто гадоў, сустрэча пачалася з супольнай малітвы «Ойча наш». Пасьля спадар Павал распавёў прысутным пра гісторыю стварэньня хрысьціянскай дэмакратыі на Беларусі, якой, як ён падкрэсьліў, у сьвеце агулам ужо дзьве тысячы гадоў, бо пачалася яна з часоў Ісуса Хрыста, які прынёс людзям хрысьціянскія прынцыпы і свабоду.

Як ён адзначыў, на Беларусі гэтай ідэалёгіі каля тысячы гадоў. У часы зьяўленьня хрысьціянства на нашых землях, тут ужо былі пачаткі дэмакратыі і самакіраваньня (веча). Сплёўшыся, яны ўтварылі для краіны самую натуральную і жыцьцяздольную ідэалёгію, якая спалучае хрысьціянскія прынцыпы з народаўладзьдзем і свабодай. Гэтае спалучэньне прынцыпова адрозьнівае Беларусь ад Расеі, у якой моцных хрысьціянска-дэмакратычных партыяў ніколі не было.

У Вялікім Княстве Літоўскім хрысьціянская дэмакратыя наогул дасягнула росквіту. Свабода ў спалучэньні з хрысьціянскімі прынцыпамі давала свой плён. Больш 60-ці гарадоў, улучна зь Віцебскам, мелі Магдэбурскае права. Шмат у якіх месцах княства была штогадовая ратацыя бурмістраў, якія па чарзе вылучаліся з праваслаўнай, каталіцкай, а часам і пратэстанцкай грамады. Мір і згода панавалі ў краіне, якая дала сьвету Статут ВКЛ, Францішка Скарыну і дзясяткі асобаў, якія паўплывалі на разьвіцьцё суседніх краінаў.

«Калі Беларусь была хрысьціянскай і калі яна была свабоднай, тады яна была моцнай. Як толькі яна губляла веру, яна разбуралася, а яе дзяржаўнасьць руйнавалася. Часы ў складзе Расейскай і савецкай імпэрый былі часамі заняпаду», – падкрэсьліў Павал Севярынец.

Каля ста пятнаццаці гадоў таму ідэя хрысьціянскай дэмакратыі пачала ўвасабляцца ў сучаснай яе форме, у форме палітычнай партыі. Да гэтага ролю палітычных партыяў выконвалі ордэн францішканаў, праваслаўныя брацтвы, базыльяне... Яны займалі месцы ва ўрадзе, змагаліся за доступ да каралеўскай і вялікакняскай канцылярыі.

На Беларусі першая ў сучасным разуменьні палітычная партыя хрысьціянскага характару была створаная ў 1906 годзе. Называлася яна Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Разам з хаўрусьнікамі (краёўцамі) яна правяла ў першую расейскую дзяржаўную Думу сямнаццаць дэпутатаў. Гэта быў вялікі посьпех, аднак цар Думу разагнаў і партыя ня здолела падняцца ізноў, бо гэтаму супрацьдзейнічалі расейскія шавіністычныя сілы. Але ў 1917 годзе паўстала новая партыя – Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць, якая стала самай пасьпяховай беларускай палітычнай партыяй Заходняй Беларусі і пазьней была перайменаваная ў БХД.

Партыю стварылі каля трыццаці ксяндзоў-беларусаў, якія навучаліся ў Пецярбурзе. Лёс многіх яе сяброў быў даволі пакручастым і няпростым. Так, зь пяцідзесяці кіраўнікоў партыі пятнаццаць былі зьнішчаныя гестапаўцамі, больш за трыццаць былі закатаваныя ў ГУЛАГу.

У міжваенны пэрыяд БХД была самай пасьпяховай беларускай партыяй. Гэта была адзіная беларуская партыя, колькасьць якой увесь час расла. І гэтая папулярнасьць тлумачылася яе прабеларускай пазыцыяй і канкрэтнай дапамогай беларускаму насельніцтву Польшчы. Гэта была тая сіла, якую пабойваліся і польскія ўлады, і савецкія бальшавікі. Гэта была права-цэнтрысцкая партыя, якая будавала жыцьцё, але фашысты і сталіністы вынішчылі яе дашчэнту.

Далей Павал Севярынец распавёў пра асобных сяброў партыі, якія адстойвалі свае ідэі і інтарэсы беларусаў аж да ахвяраваньня ўласным жыцьцём. Зробленае ксяндзамі Вінцэнтам Гадлеўскім, Язэпам Барадзюлем, Адамам Станкевічам, Юрасём Кашырам, лекарам Браніславам Туронкам, аграномам Адамам Васюкевічам уражвае і натхняе да перайманьня. Усе яны ўвойдуць у кнігу «Сто асобаў БХД», якая рыхтуецца да выданьня. Увесь 2017 год плянуецца зрабіць юбілейным годам для БХД. На месцах ствараюцца аргкамітэты па сьвяткаваньні стогадовага юбілею. За мэту ставіцца аднаўленьне памяці пра людзей, якія столькі дабра зрабілі для Беларусі. Дзесьці мяркуецца ўсталяваньне крыжоў, дзесьці правядзеньне набажэнстваў, дзесьці арганізацыя вечарынаў, дзесьці перайменаваньне вуліцаў... Адначасна плянуецца распавядаць і пра сучасную хрысьціянскую дэмакратыю і яе далейшае разьвіцьцё.

Пасьля асноўнай часткі прысутныя задалі Паўлу Севярынцу пытаньні наконт сучаснай грамадзка-палітычнай сытуацыі на Беларусі і ў суседняй Украіне. Цікавіліся прысутныя і прычынамі, па якіх на працягу некалькіх гадоў БХД не рэгіструецца як партыя.

Другая частка сустрэчы была прысьвечаная першаму выданьню «Беларускай хрысьціянскай азбукі». Прэзэнтаваў яе бацька палітыка Канстанцін Севярынец. Ён адзначыў, што наступны год можна было б назваць і «Годам беларускай хрысьціянскай азбукі», бо ў пэўным сэнсе яе аўтары працягваюць справу, распачатую пяцьсот гадоў таму Францішкам Скарынам.

Як распавёў спадар Канстанцін, азбука паўстала зь сямейных чытаньняў Бібліі. Генэратарам ідэі стала жонка Паўла Севярынца Вольга, якая і прапанавала напісаць хрысьціянскую азбуку. Разам былі абраныя добрыя, цёплыя словы  – «анёл», «Біблія», «галубок», «каўчэг»... Да словаў малюнкі зрабіла васемнаццацігадовая менская мастачка Аляксандра Дзежыц, а спадар Канстанцін напісаў вершы, некаторыя зь якіх ён з задавальненьнем прачытаў.

Пра гісторыю выданьня кнігі і тыя перашкоды, якія паўсталі на шляху да рэалізацыі ідэі, распавяла Вольга Севярынец. Грошы на выданьне кнігі зьбіралі на краўдсорсінгавай пляцформе «Талака.Бай», патрапіць на якую адразу не атрымалася, бо яе кіраўніцтва спачатку палічыла, што кніга нясе ў сабе рэлігійную прапаганду. Але ўрэшце ўсё вырашылася станоўча – удалося сабраць сто адсоткаў неабходных сродкаў. Да таго ж прэцэдэнт адкрыў дарогу для іншых добрых праектаў падобнага кшталту.

Па сканчэньні сустрэчы цікаўныя мелі магчымасьць набыць «Беларускую хрысьціянскую азбуку» і кнігі, напісаныя раней Паўлам Севярынцам.

С. Горкі