Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 01 Лістапад 2016

Рэгіянальны рэсурсны цэнтар дадатковай адукацыі адкрыўся ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Кожны чалавек у кожным узросьце мае права на адукацыю. Цяпер дапамагаць рэалізоўваць яго віцебчукам будзе Рэгіянальны рэсурсны цэнтар дадатковай адукацыі дарослых, які адкрыўся ў межах праекту «Вучыцца, каб дзейнічаць».

Пад такім паняцьцем як «дадатковая адукацыя дарослых» разумеецца ня толькі павышэньне кваліфікацыі. Гэта яшчэ і гурткі, сэмінары, трэнінгі, курсы і г.д., іншымі словамі тое, чым займаюцца людзі па-за асноўнай сфэрай адукацыі.

– З самой назвы зразумела, што праект накіраваны на разьвіцьцё дадатковай адукацыі дарослых. І мерапрыемствы ў межах гэтага праекту накіраваныя як на насельніцтва і аказаньне яму паслуг у межах сфэры дадатковай адукацыі, пашырэньня спэктру паслуг, гэтак і на правайдэраў, то бок тых, хто аказвае паслугі дадатковай адукацыі, на ўзмацненьне іх патэнцыялу, ўзаемадзеяньня паміж сабой, паляпшэньня якасьці аказваемых паслуг, – распавяла мэнэджэр Рэгіянальнага рэсурсавага цэнтру па разьвіцьці дадатковай адукацыі Яўгенія Пачэпка.

У межах цэнтру мяркуецца аказваць насельніцтву паслугі на бясплатнай аснове. На цяперашнім жа этапе, як адзначыла Яўгенія Пачэпка, цэнтар будзе больш камунікаваць з правайдэрамі.

– Мы хочам прадумаць плян таго, якія паслугі цэнтар будзе аказваць насельніцтву. І вось калі ў нас будзе канкрэтны пералік такіх паслуг, тады мы будзем апавяшчаць насельніцтва, пасьля чаго можна будзе да нас зьвяртацца.

Не пасьпеўшы адкрыцца, цэнтар ужо правёў дні адчыненых дзьвярэй, калі ўсе ахвотныя маглі азнаёміцца ​​зь яго магчымасьцямі і выказаць свае пажаданьні і прапановы.

Вось асноўныя накірункі, па якіх будзе працаваць цэнтар:

– падтрымліваць разьвіцьцё нефармальнай і грамадзянскай адукацыі ў рэгіёне (дарэчы, правайдэрамі могуць выступаць прадстаўнікі як фармальнай адукацыі, якія ўжываюць мэтады нефармальнай адукацыі, гэтак і арганізацыі-ініцыятывы);

– аказваць дапамогу ў фармаваньні сеткі арганізацыяў дадатковай адукацыі і наладжваць дыялёг зь мясцовымі ўладамі (чым больш арганізацыяў цэнтар зможа прыцягнуць у гэтую сетку, тым больш эфэктыўна яна будзе працаваць і тым больш інфармацыі зможа ў ёй цыркуляваць);

– аказваць кансультацыйна-інфармацыйную падтрымку адукацыйным ініцыятывам у рэгіёне;

– арганізоўваць і праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы для спэцыялістаў сфэры дадатковай адукацыі і насельніцтва;

– аказваць дапамогу і падтрымку арганізацыям у праекце.

Апроч таго, ужо адбылася сустрэча з ключавымі правайдэрамі Віцебскага рэгіёну, калегамі зь Менску і нямецкімі партнэрамі. Удзельнікамі сталі прадстаўнікі з раённага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, Інстытуту разьвіцьця адукацыі, Віцебскага бізнэс-цэнтру падтрымкі прадпрымальніцтва, Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асьветы, Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, Нямецкай асацыяцыі народных унівэрсытэтаў і інш.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся функцыі і фармат дзейнасьці створанай пры рэсурсным цэнтры Рады, куды ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных, камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацыяў, а таксама плян дзейнасьці рэгіянальнага цэнтру. Сама Рада будзе служыць сувязным зьвяном паміж зацікаўленымі бакамі, каб праца цэнтру была эфэктыўнай і вялося выкананьне праекту «Вучыцца, каб дзейнічаць».

Фінансуецца праект са сродкаў Эўрапейскага зьвязу і DVV International (Інстытут міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных унівэрсытэтаў).

Адрас рэсурснага цэнтру ў Віцебску: вул. Кастрычніцкая, 12, офіс 16.

Лізавета Золатнава