Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 27 Верасень 2016

Віцебскія журналісты абмяркоўвалі аспэкты гендэрнага балянсу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

23 верасьня сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, што працуюць у недзяржаўных сродках масавай інфармацыі, абмяркоўвалі пытаньні гендарнай роўнасьці ў беларускіх мэдыях.

Сэмінар на просьбу швэцкага медыя-інстытуту FOJO праводзіла Алена Жэрзьдзева. Мэтай сэмінару было дасьледаваньне базавага стану гендэрнага  пытаньня ў Беларусі.

Узьнятая тэма, актуальная для шмат якіх краінаў Эўропы і сусьвету, мае ня толькі навуковае, але і практычнае значэньне, бо спрыяе ўдасканаленьню мэдыя-прасторы любой краіны.

Партнэрамі швэцкага інстытуту ў вывучэньні пытаньня зь беларускага боку выступілі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі саюз журналістаў, Інстытут журналістыкі БДУ, то бок структуры, непасрэдна зацікаўленыя ў перайманьні эўрапейскага досьведу.

Сэмінар праходзіў у форме інтэрактыўнай дыскусіі. Журналісты абмяркоўвалі аспэкты гендэрнага балянсу, датычныя розных бакоў журналісцкай працы, улучаючы гендэрную адчувальнасьць мэдыя-кантэнту.

Было адзначана, што калі ў недзяржаўных беларускіх СМІ гэтае пытаньне пэрыядычна абмяркоўваецца, то ў афіцыйных мэдыях яно наогул не ўздымаецца.

Падчас абмеркаваньня журналісты прыйшлі да высновы, што нягледзячы на тое, што яны могуць пэўным чынам уплываць на прасоўваньне ідэі гендэрнай роўнасьці ў масы, ім адным не пад сілу кардынальна зьмяніць грамадзкі кансэрватызм у гэтым пытаньні.