Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 25 Верасень 2016

У Воршы прайшла экскурсія па малавядомым месцы масавых расстрэлаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яшчэ напрыканцы 80-х гадоў у Воршы было раскрытае месца масавых расстрэлаў часоў сталінскіх рэпрэсіяў – Кабыляцкай гара. Але ўжо тады было вядома, што гэта не адзінае гэткае месца побач з Воршай.

Пазьней на падставе сьведчаньняў старажылаў былі раскрытыя і шэраг іншых месцаў, але тады ўжо афіцыйныя органы не спрыялі ні дасьледаваньню масавых пахаваньняў, ні захаваньню памяці пра ахвяр рэпрэсіяў. Адно з такіх месцаў неўзабаве можа апынуцца пад пагрозай зьнішчэньня праз забудову новага мікрараёну.

Дзеля захаваньня памяці пра рэпрэсаваных і дзеля азнаямленьня грамадзкасьці 17 верасьня грамадзкімі актывістамі была арганізаваная экскурсія на месца, якое знаходзіцца па вуліцы Магілёўскай. Безназоўнае ўрочышча было раскрытае дзякуючы сьведчаньням старажылаў. Дасьледчыкі сабралі нямала ўспамінаў людзей, якія сьведчылі, што тут расстрэльвалі пераважна духавенства розных канфэсіяў, як манахаў, гэтак і сьвятароў; ня выключана, што тут знайшлі супакой і некаторыя вядомыя кіраўнікі цэркваў таго часу.

Расстрэльныя яміны сёньня знаходзяцца па розныя бакі ад Магілёўскай вуліцы. Першую яміну ўдзельнікі экскурсіі ўбачылі прыблізна ў двухстах мэтрах ад аўтазапраўкі па правы бок у напрамку Магілёва. На левым баку шашы каля стэлы "Ворша" ў лес збочвае зарослая лясная дарога – менавіта па ёй заяжджалі "Чорныя варанкі". А вакол дарогі расстрэльных ямінаў (сёньня яны бачныя па характэрным правале зямлі) можна налічыць больш за дзясятак.

Знайсьці ў гэтай частцы лесу можна і рэшткі крыжоў, якія яшчэ за савецкім часам ставілі сваякі загінулых. Але сёньня ад іх мала што засталося – у другой палове 20-га стагодзьдзя былі ня рэдкія выпадкі, калі былых чальцоў расстрэльных камандаў НКВД прызначалі лесьнікамі ў лясы, дзе мелі месца масавыя расстрэлы. Яны і павінны былі зьнішчаць пастаўленыя помнікі і іншыя адзнакі памяці над магіламі.

Вядома, гэтае месца патрабуе дадатковых дасьледаваньняў і ўсталяваньня помніку.

orsha.eu