Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 09 Снежань 2012

Андрэй Гайдукоў: Жыве Беларусь!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Гайдукоў Андрэй Гайдукоў

Родныя атрымалі першы ліст ад Андрэя Гайдукова, падазраванага, паводле інфармацыі КДБ, у «здрадзе дзяржаве». Некалькі дзён таму наваполацкага актывіста перавялі ў віцебскі СІЗА, і бараніць ягоныя інтарэсы будзе ўжо ня менскі, а віцебскі адвакат. Да пачатку сьнежня Андрэя Гайдукова трымалі ў менскім СІЗА КДБ, а цяпер ён у Віцебску. Дык што замена адваката цалкам лягічная.

Распавядае маці зьняволенага Вольга Гайдукова: «Тыдзень таму ліст атрымала сяброўка Андрэя, а нам не даходзіцла нічога. Ведаю, што і нашы лісты да яго не траплялі – толькі дзьве паштоўкі ад сястры… Цяпер прыйшоў першы ліст, дата адпраўкі – 3 сьнежня, але напісаны ён яшчэ ў Мінску, 29 лістапада. Ліст сумны – не такі аптымістычны, як той, што ён напісаў сяброўцы. Хаця, можа мне так падаецца, бо іншыя чыталі, кажуць – нармальны ліст… Ну, ён піша, што фальсіфікацыі супраць яго могуць дайсьці да абсурду. Нічога там не закрэсьлена. І ў канцы Андрэй піша: „Жыве Беларусь!“ Гэта ён верны сабе, малайчына! Усё-ткі сіла духу ў яго ёсьць!»

У лісьце Андрэй Гайдукоў папрасіў зьмяніць адваката. Маці кажа, што з Андрэем працавалі некалькі адвакатаў: адразу па затрыманьні – віцебскі адвакат, потым адвакаты зь Менску, спачатку дзяжурны адвакат, потым адмыслова наняты бацькамі.

«Цяпер Андрэй у Віцебску. Трэба, каб і адвакат быў тутэйшы – каб змог сустракацца, прыходзіць, размаўляць. А то Андрэю ж там цяжка… Ён напісаў заяву на імя сьледчага, каб яму далі тую адвакатку, якая была самая першая, віцебская. Яна і адвакатам працуе, і выкладае на юрыдычным факультэце. Напэўна, у яе з Андрэем склаўся нейкі кантакт, калі ён так хоча. Пагадненьне ў нас ужо заключанае – адразу пасьля арышту», - паведаміла Вольга Гайдукова.

7 лістапада новы адвакат, Алена Тушкіна, наведала Андрэя Гайдукова ў Віцебскім СІЗА. Паводле ейных зьвестак, у камэры, дзе трымаюць Андрэя Гайдукова, знаходзяцца пяць чалавек, на здароўе ён ня скардзіцца і ўвогуле трымаецца добра.

«Адвакат схадзіла да яго, сказала, што духам ён ня ўпаў, трымаецца нармальна, і гэта добра. Яна схадзіла да яго на сустрэчу, сказала, што ў камэры іх пяцёра, гэта няшмат. Дык што маральна трымаецца добра, нармальна сябе адчувае, не хварэе, усё добра. Яна мяне супакоіла, бо гэта — самае галоўнае!» - распавяла маці арыштаванага наваполацкага актывіста.

Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Радыё Свабода