Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 10 Люты 2013

Дырэктар тэлевізіі паскардзіўся абласному кіраўніку БНФ на брак грошай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.

У сваім звароце да чыноўніка Леанід Аўтухоў адзначаў, што грамадзянам краіны не хапае такой праграмы, у якой прадстаўнікі ўсіх зарэгістраваных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў маглі б прадставіць сваё бачаньне сёньняшніх рэаліяў, выказаць свае крытычныя заўвагі і абмеркаваць праблемы з запрошанымі службовымі асобамі розных узроўняў. Гэткая праграма, на думку спадара Аўтухова, набыла б найвышэйшы рэйтынг і дапамагла б вырашыць некаторыя застарэлыя праблемы Віцебску і вобласьці.

Мяркуючы па адказе кіраўніка віцебскай тэлерадыёкампаніі, ён нібыта цалкам падтрымлівае прапанову віцебскага старшыні БНФ, але ня можа нічога зрабіць з-за браку фінансаў. Дык, мабыць, грамадзянам, якія хочуць пачуць голас прадстаўнікоў партыяў і грамадзкіх рухаў з тэлеэкранаў, варта ўкласьці ў справу ўласныя грошыкі ды распачаць збор ахвяраваньняў на ўвасабленьне «слушнай прапановы» БНФ у жыцьцё?

Віцебская Вясна