Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 17 Люты 2013

Віцебскі вэнэроляг наракае на дарагоўлю прэзэрватываў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Галоўны лекар Віцебскага абласнога клінічнага скурна-вэнэралягічнага дыспансэру Віктар Сьпірыдонаў выказаўся супраць высокіх коштаў на прэзерватывы. "Маніторынг коштаў, праведзены нашымі спэцыялістамі падчас рэйдавых прафіляктычных мерапрыемстваў, паказаў, што многія гандлёвыя прадпрыемствы ставяць на прэзэрватывы высокія гандлёвыя надбаўкі, абмяжоўваючы тым самым даступнасьць гэтых вырабаў для спажыўцоў. Пры гэтым варта ўсьведамляць, што ў першую чаргу да спажыўцоў гэтага тавару належыць моладзь, даходы якой ня вельмі высокія ", - адзначыў Віктар Сьпірыдонаў.

Яшчэ горш, на ягоную думку, сытуацыя з забаўляльнымі ўстановамі, дзе цана на прэзэрватывы папросту зашкальвае і супастаўная з коштам асобных алькагольных напояў. Віктар Сьпірыдонаў заклікаў кіраўнікоў усіх гандлёвых прадпрыемстваў, забаўляльных устаноў зьнізіць кошты на прэзэрватывы. "Атрымаць той самы прыбытак можна і за кошт больш высокай абарачальнасьці тавару, бо ў гэтым выпадку гаворка перш за ўсё ідзе пра захаваньне здароўя маладых людзей. Мы выступаем за дэмакратычную цану на гэтую прадукцыю", - падкрэсьліў ён.

Галоўны вэнэроляг вобласьці адзначыў, што прафіляктыка захворваньняў інфэкцыямі, якія перадаюцца полавым шляхам (ІППШ), па-ранейшаму носіць праблемны характар. "Праведзеныя намі апытаньні паказваюць, што маладыя людзі маюць недастатковыя веды пра спосабы інфікаваньня, мэтады прафіляктыкі і цяжкія наступствы ІППШ. Многія зь іх з розных прычын, у тым ліку і з прычыны высокага кошту прэзэрватываў, папросту безадказна ставяцца да пытаньня захаваньня свайго здароўя і здароўя сваіх партнэраў", - канстатаваў суразмоўца.

Ён таксама нагадаў, што сёньня ў грамадзтве забясьпечаная поўная даступнасьць інфармацыі наконт праблемы ІППШ. Яе зь лёгкасьцю можна знайсьці ў Інтэрнэце, атрымаць у мэдустановах. На ўсе пытаньні на ўмовах ананімнасьці гатовыя адказаць спэцыялісты дыспансэру. Тут працуе "тэлефон даверу", ананімны габінэт. На сайце разьмешчаная ўся неабходная інфармацыя, маецца магчымасьць задаць пытаньне высокакваліфікаваным спэцыялістам. Таксама супрацоўнікі дыспансэру рэгулярна выступаюць з тэматычнымі лекцыямі ў школах, ВНУ, установах прафтэхадукацыі, ладзяць навучальныя сэмінары з працаўнікамі сыстэмы адукацыі, унутраных спраў, выступаюць у сродках масавай інфармацыі, удзельнічаюць у абласных прафіляктычных акцыях.

Крыніца: БелТА