Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 09 Чэрвень 2013

Гарвыканкам папрасіў прабачэньня за фэстываль «Газпрому»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі гарвыканкам прынёс выбачэньні жыхарам дамоў, разьмешчаных побач з плошчай Перамогі, за канцэрты, якія да глыбокай ночы ладзіліся пад іх вокнамі падчас фэстывалю «Факел». Аднак цешыцца з таго, што цяпер пасьля 23:00 тых, хто жыве паблізу самай вялікай плошчы ў Беларусі, ня будзе турбаваць шум ад гукаўзмацняльнай апаратуры, не выпадае.

Тыя, каму «пашчасьціла» жыць недалёка ад плошчы Перамогі ў Віцебску, спадзяваліся, што ў справу ўмяшаецца асабіста Аляксандар Лукашэнка – менавіта да яго яны зьвярнуліся, каб ён «цьвёрдай рукой» аднавіў іх правы і законныя інтарэсы, а ў гарадзкі і абласны выканкамы накіравалі копію свайго звароту. Але прэзыдэнт ня стаў разьбірацца ў сытуацыі. З адміністрацыі прэзыдэнта іх зварот быў перанакіраваны ў Віцебскі аблвыканкам, а адтуль – у гарвыканкам.

Адказ гарвыканкаму: Забаўляльныя імпрэзы позна ўвечары на плошчы будуць праводзіцца і надалей. Праўда, як запэўніў намесьнік старшыні Ўладзімер Шлома, толькі ў выключных выпадках – у дні дзяржаўных сьвятаў і падчас фэстываляў «Славянскі базар». Таксама «сіла гучаньня музычнай апаратуры будзе скарэктаваная з улікам спэцыфікі разьмяшчэньня жылых дамоў і з улікам Вашых пажаданьняў», – паабяцаў спадар Шлома аўтарам калектыўнай скаргі.

Аўтары звароту да ўладаў, якія прасілі больш не праводзіць канцэрты на плошчы Перамогі позна ўвечары і ўначы, такім адказам не задаволеныя. Яны з жахам чакаюць чарговага «Славянскага базару», падчас якога, выглядае, ім ізноў будуць не даваць спаць…