Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Чэрвень 2013

За ўдзел у парадзе ў афіцыйны “Дзень незалежнасьці” віцяблянам абяцаюць па 25 тысяч рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аб’ява пра ганарар за ўдзел у парадзе зьявілася ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». «3 ліпеня ў Дзень Незалежнасьці патрэбныя людзі на парад прыкладна ў 9–10 раніцы. Прайсьці з транспарантам, балёнікамі, сьцяжкамі. Уся імпрэза зойме гадзінку. Распаўсюджваць і рабіць нічога ня трэба. Проста прайсьціся!» — так напісана ў аб’яве на старонцы групы «Тыповы Віцебск».

Спадарыня Аксана, чый тэлефон пададзены ў якасьці кантактнага, тлумачыць, што ўсё напісанае — праўда. Як высьветлілася, да ўдзелу ў парадзе запрашае фірма таксі «Дыліжанс». Ахвотным зарабіць 25 тысяч абяцаюць раздаць балёнікі ды сьцяжкі з сымболікай кампаніі, каб прарэклямаваць яе такім чынам падчас урачыстага параду ў Дзень незалежнасьці.Аднак, як вынікае з камэнтароў, ахвотных няшмат. Затое шмат крытыкі: нехта піша, што 25 тысяч — гэта занадта малыя грошы за ўдзел у такім мерапрыемстве, а нехта абураецца — маўляў, «вось якім чынам у нас зьбіраюць на парады».

Першы намесьнік начальніка ідэалягічнай управы Віцебскага аблвыканкаму Пётар Гнуценка так выказаўся адносна гэтай ініцыятывы: «Тое, што вы кажаце, — для мяне гэта нешта новае. На Дзень Незалежнасьці і Дзень Перамогі мы ня плацім грошай, калі людзі ідуць. Таму тут трэба правяраць інфармацыю. Але калі кампанія хоча засьвяціцца перад шырокай грамадзкасьцю, магчыма, яна і мае права гэта зрабіць. Мы тут будзем разьбірацца, як там што. Але, у прынцыпе, плаціць за тое, каб прайсьці па плошчы?! Вы самі разумееце, гэта ж дзяржаўнае сьвята. Мы разьбярэмся, але ж, у прынцыпе, я тут вялікай крамолы ня бачу. Гэта нават такі нечаканы ход рэклямы, які, магчыма, мае права на жыцьцё. Але ў нас на дэманстрацыі ніхто людзей не заганяе. Яны ідуць самі. Адышло гэтае савецкае мінулае, калі былі пэўныя разнарадкі, прэміраваньне і гэтак далей. Але ў гэтым выпадку мы даведаемся, адкуль растуць ногі».

Крыніца: Радыё Свабода