Друкаваць гэтую старонку
Серада, 26 Чэрвень 2013

У сёлетні бюджэт Віцебскай вобласьці ўжо чатыры разы ўносіліcя папраўкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Расходная частка бюджэту на 2013 год павялічаная з 8,76 да 9,05 трыльёнаў рублёў. У параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі, бюджэт Віцебскай вобласьці ўдакладняўся асабліва часта. Папраўкі ўносіліся чатыры разы: у лютым, сакавіку, красавіку і траўні. Найбольшае павелічэньне сукупных заплянаваных выдаткаў адбылося яшчэ ў лютым (на 4%), а потым выдаткі пастаянна зьніжаліся да ўзроўню +3% у параўнаньні зь першапачатковым плянам, зацьверджаным пры канцы мінулага году.

Так, першае лютаўскае ўдакладненьне ў найбольшай ступені закранула артыкул «жыльлёва-камунальныя паслугі і жыльлёвае будаўніцтва»: выдаткі вырасьлі на 48% з 716,8 мільярдаў да 1,06 трыльёнаў рублёў. На 9,5% вырасьлі выдаткі па артыкуле «Фізкультура, спорт, культура і СМІ» са 198 да 217 мільярдаў рублёў. Астатнія артыкулы засталіся практычна бязь зьмен (ваганьні ў межах 1 працэнту).

Аднак, пазьней захаваць структурную цэласнасьць абласнога бюджэту не ўдалося. У выніку, пасьля травеньскага карэктаваньня павелічэньне расходаў па артыкуле «жыльлёва-камунальныя паслугі і жыльлёвае будаўніцтва» склала 33,5% у адносінах да зацьверджанага ў сьнежні пляну - да 957 мільярдаў рублёў. У сваю чаргу, былі зьмененыя і іншыя расходныя артыкулы.

Так, выдаткі на «Сацыяльную палітыку» скараціліся на 6,6% з 325 да 303 мільярдаў рублёў. Скарачэньне па артыкуле «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасьць і забесьпячэньне бясьпекі» склала 11,6% - з 74 да 65,5 мільярдаў рублёў. Нарэшце, расходы па артыкуле «Ахова навакольнага асяродзьдзя» скараціліся на 31% з 60 да 41 мільярдаў рублёў. Характэрна, што выдаткі па артыкуле «Фізкультура, спорт, культура і СМІ» вярнуліся на першапачатковы ўзровень сьнежня. Зьмены па іншых артыкулах знаходзяцца ў межах +/-3%.

Высьветліць, хто зьяўляецца галоўным бэнэфіцыярам гэтых карэкціровак не ўяўляецца магчымым. На жаль, у адрозьненьне ад іншых аблсаветаў, Віцебскі абласны Савет дэпутатаў не публікуе ўдакладненых плянаў выдаткаў у адпаведнасьці зь ведамаснай клясыфікацыяй.

Крыніца: Наше мнение