Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Ліпень 2013

Прысуд Андрэю Гайдукову: 1,5 года калёніі агульнага рэжыму (фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Гайдукоў Андрэй Гайдукоў

За замах на ўстанаўленьне кантакту з супрацоўнікам замежнай спэцслужбы без прыкметаў здрады Радзіме рашэньнем Віцебскага абласнога суду Андрэй Гайдукоў прысуджаны да аднаго з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму. Асудзілі яго паводле артыкулу 356-1 крымінальнага кодэксу (устанаўленьне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі або разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы). Як пракамэнтавалі прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, гэты артыкул быў уключаны ў крымінальны кодэкс у лістападзе пазамінулага году і носіць вельмі расплывісты характар.

Суд быў закрытым. На апошнім паседжаньні 1 ліпеня, аб 11:00, у залі прысутнічалі маці і сястра падсуднага, прадстаўнікі ЭЗ і амбасады Вялікай Брытаніі. Сяброў жа, людзей, якія прыйшлі падтрымаць Андрэя, а таксама прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў і журналістаў на працэс не дапусьцілі. Міліцыянты спаслаліся на тое, што ў памяшканьні няма вольных месцаў. Паводле словаў праваабаронцы Паўла Левінава, для пасяджэньня ў новым будынку абласнога суду была абраная адна зь невялікіх заляў, хаця пры жаданьні аб’явіць прысуд можна было б у іншым памяшканьні, якое зьмясьціла б усіх ахвотных.

Былі забароненыя фота- і відэаздымкі. Праўда, выключэньнем з правілаў стала, як заўсёды, дзяржаўная тэлевізія, якой даецца канкурэнтны прыярытэт. Ужо празь некалькі хвілін пасьля пачатку паседжаньня зь дзьвярэй суду выйшлі каля двух дзясяткаў страката апранутых жанчын і коратка стрыжаных маладых людзей і, звыкла выраўноўваючыся на ходніках, пад гіранічныя аплядысмэнты прысутных схаваліся за паваротам вуліцы. Стала зразумела, што суд скончыўся і прысуд вынесены.

Пакараньне не сталася занадта нечаканым: у прынцыпе, было зразумела, што судзьдзя Галіна Ўрбановіч павінна трохі зьменшыць тэрмін, які папрасіў прадстаўнік афіцыйнага абвінавачаньня, але і не выпусьціць адразу ж падсуднага на волю, на што вельмі спадзявалася маці Андрэя. «Прысуд занадта жорсткі, бо ніякага шпіянажу не было», - сказала Вольга Гайдукова. Цяпер, замест таго каб вярнуцца дадому разам з сынам, ёй застаецца чакаць абяцанага ў ліпені спатканьня.

Адвакат Гайдукова Вадзім Мушынскі таксама лічыць прысуд неапраўданым і зьбіраецца пісаць на яго скаргу. На пытаньне аб тым, што калі скарга не пройдзе, то што будзе далей, ён сказаў: «Час пакажа. Калі скарга будзе адхіленая, дык, вядома, ён будзе адбываць пакараньне. Але, улічваючы, што ён ужо амаль 8 месяцаў пад вартай, то існуе магчымасьць замены пакараньня - тэрміны падыходзяць. Магчыма і датэрміновае вызваленьне, калі ня будзе парушэньняў рэжыму». Пагутарыць з падабаронным пасьля абвяшчэньня прысуду адвакату не ўдалося, бо канвой сьпяшаўся. Мушынскі спадзяецца, што Андрэй усё ж зможа хутка пабачыцца з маці, якая падала прашэньне на спатканьне.

Пытаньне наконт законнасьці прысуду павісла ў паветры. Як рэзюмаваў праваабаронца Павал Левінаў, «цяжка казаць пра законнасьць прысуду, калі справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Нават на абвяшчэньні прысуду прагучала толькі рэзалюцыйная частка, гэта значыць: вінаваты, паводле якіх артыкулах, які тэрмін атрымаў. А на чым заснаваны прысуд, нам невядома».

Левінаў адзначыў, што і на гэтым судзе працягнулася адпрацаваная ў Віцебску практыка, калі на грамадзка значных судох абавязкова невялікая заля запаўняецца прывезенымі людзьмі ў цывільным, якія паўсядзённа носяць форму. «Некаторыя зь іх нават абураліся, што ім сарвалі выходны», - распавёў праваабаронца.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі хрысьціянскіх дэмакратаў на Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец, якой удалося трапіць на абвяшчэньне прысуду, адзначыла, што Андрэй трымаўся вельмі спакойна, з годнасьцю, інтэлігентна.

Юрыст, былы адвакат па палітычных справах, якога пазбавілі ліцэнзіі, прадстаўнік ПЦ «Вясна» Павал Сапелка сказаў, што «справа як была незразумелай, гэтак і засталася. За што асуджаны Гайдукоў, так ніхто і ня ведае, хаця старшыня КДБ абяцаў, што усім, хто ня верыць, (пасьля суду) стане зразумела і нават сорамна…» Праваабаронца лічыць, што «і крымінальная справа, і прысуд носяць палітычна матываваны характар».

Натуральна, журналісты не маглі не запытацца пра ўражаньні ад суду ў прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу Вялікай Брытаніі і Эўрапейскага Зьвязу.

Рудольф Рышар, першы дарадца, кіраўнік аддзелу палітыкі, прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, ад камэнтароў наконт суду і прысуду дыпляматычна ўхіліўся: «Пытаньнямі наконт суду хай займаюцца вашыя праваабаронцы, якія, я мяркую, добра гэтую працу робяць».

Імправізаваную прэс-канфэрэнцыю ля ганку Віцебскага абласнога суду скончылі афіцэры канвойнай службы, якія папрасілі-запатрабавалі ўсім адысьці ў бок, каб прапусьціць аўтазак з асуджаным…

Паводле “Віцебскага кур’еру”
Фота каля будынку Віцебскага абласнога суду: Дыялёг онлайн газэта