Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 17 Лістапад 2013

Малады бацька з Наваполацку памёр пасьля зьбіцьця міліцыянтамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алег Цімафееў Алег Цімафееў

Гэтая гісторыя распачалася ў сьнежні 2011 году. Многія жылі падрыхтоўкай да Калядаў і Новага году. І тое, што малады чалавек нападпітку трапіў у шпіталь, ні ў кога ня выклікала зьдзіўленьня. 27­-гадовы Алег Цімафееў увечары ў нядзелю выйшаў сустрэцца зь сябрам. Выпілі. Але дадому вярнуўся толькі раніцай. Зьбіты. «Мянты пабілі», — патлумачыў бацькам. А ўначы яго забралі ў шпіталь і праапэравалі. У шпіталі ён і памёр.

Тупая траўма

«Я быў на працы, калі раніцай сын прыйшоў дадому, — расказвае бацька пацярпелага Віктар Цімафееў. — Ліфт не працаваў, і ён ледзь падняўся на восьмы паверх, як сказаў. Увечары пытаюся, што здарылася. Падрабязнасьці не расказваў. Сказаў, што піць больш ня будзе, але ім гэтага не даруе. Пытаюся: хто біў? Адказвае, што патрульныя і мянты».

Уначы Алегу стала кепска. «Калі “хуткая” спыталася, якія траўмы атрымаў, назваў траўму гру­дзей — было цяжка дыхаць, палавых органаў — у туалет схадзіць ня мог і жывот балеў». З дому Алега забралі ў шпіталь, дзе пасьля апэрацыі два тыдні правёў у непрытомнасьці. І памёр.

«Тупая траўма жывата, удар грудной клеткі», — паставілі дыягназ у шпіталі. Калі правялі апэрацыю, пашкоджаньні аказаліся сур’ёзнымі: разрыў брыжэйкі падуздышнай кішкі з адрывам яе ад кішкі і разрывы падуздышнай кішкі з амярцьвеньнем яе часткі, разрыў вялікага сальніка.

«Кішкі скручаныя зьмейкай, да іх з адной кропкі веерам ідуць нэрвы і судзіны. Гэта ёсьць брыжэйка, — тлумачыць мэдычныя тэрміны лекар аднаго са сталічных шпіталёў. — Калі быў разрыў брыжэйкі і разрыў кішкі — значыць быў крывацёк, і ў чэраўную паражніну трапіў кал. Гэта 100% перытаніт. Чым пазьней узялі на апэрацыйны стол — тым менш шанцаў выжыць. Калі там былі ўчасткі амярцьвеньня, гэта ўжо запозна. Нават калі выжыў бы — быў бы інвалід бяз кішак».

Прычынай сьмерці і стаў перытаніт (запаленьне брушыны).

Білі нагамі, рукамі…

Як сына забралі ў шпіталь, Віктар зьвярнуўся з заявай у міліцыю. Пачалі праверку. Самога ж Алега апытаць так і не атрымалася: праз суткі пасьля апэрацыі ўпаў у кому, а памёр на першы дзень Новага году ў непрытомнасьці. Крымінальную справу так і не завялі.

Згодна з матэрыяламі праверкі, усё проста, хоць і не зусім ясна. 11 сьнежня 2011 году Алег нібыта выпіў паўбутэлькі гарэлкі. На вуліцы вырашыў спусьціць кола ў міліцэйскай машыне. А калі ўбачыў патруль, кінуўся наўцёкі.

Па дарозе Алег двойчы паваліўся на жывот. Калі ж яго здагналі, пачаў біцца і мацюкацца. Каб уціхамірыць, яго тройчы стукнулі дручком па правым сьцягне. Адвезьлі ў выцьвярэзьнік, склалі пратаколы за дробнае хуліганства, зьяўленьне п’яным у грамадзкім месцы, непадпарадкаваньне. А раніцай апыталі ў міліцыі і адпусьцілі. Прычым у пастанове адзначана, што Алег ні на што не скардзіўся, за жывот не трымаўся.

Вось тут і пачынаецца самае незразумелае. А 8:05 Цімафееў знаходзіўся ў міліцыі, а дзесьці праз гадзіну ўжо быў дома. Прычым зьбіты. Лёг спаць. А ўначы яго забрала «хуткая». Калі забіралі ў шпіталь, пра акалічнасьці сказаў фельчару: білі нагамі, рукамі, дручком у пастарунку мінулай ноччу.

Пытаньні без адказаў

У шпіталі далі заключэньне, што Алег атрымаў траўму каля сутак да паступленьня ў шпіталь. Калі «хуткая» забрала яго ў гадзіну ўначы, то атрымліваецца, што ён атрымаў удар у жывот падчас затрыманьня альбо ўжо ў выцьвярэзьніку. Удар, які і стаў прычынай сьмерці. Але хто яго нанёс?

Фельчар выцьвярэзьніка сьведчыць, што ў Цімафеева была сярэдняя ступень ап’яненьня. Хоць ад выкарыстаньня алькатэстара ён адмовіўся, затое пагадзіўся зрабіць комплекс практыкаваньняў і даў сябе аглядзець.

На левым сьцягне — V­-падобная драпіна ззаду на ўзроўні калена, драпіны на правых скроні і сківіцы. Жывот быў мяккі, ня ўзьдзьмуты, прыкметаў пашкоджаньня ўнутраных органаў ня выяўлена. Пульс і ціск у норме. Двойчы яго званітавала — крыві не было.

«У колькі яго забіралі з выцьвярэзьніка? Ёсьць відэа, як яго прывезьлі туды ўначы, але няма, як раніцай забіралі, — кажа бацька Алега. — Я быў у выцьвярэзьніку і бачыў журнал рэгістрацыі: выбыў — нібыта 9:30. Бо выпраўлена ці то 7:30, ці то 8:30. І я не магу высьветліць, хто выпраўляў. Хто складаў пратакол яго выбыцьця — таксама ня ведаю. У дзяжурную частку яго нібыта забірала сьледча­-апэратыўная група, якая езьдзіла па горадзе і якой далі загад прывезьці Алега. Але людзей з той групы дапыталі толькі праз паўгода. А яны кажуць, што ня памятаюць, заяжджалі па яго ці не».

«У выцьвярэзьніку яго біць, лічу, не маглі. Па дарозе — магчыма. Выбіць прызнаньне, што ён спускаў кола, маглі, — выказвае свае здагадкі Віктар. — Альбо яго ўначы забралі і да раніцы вазілі. І таму няма відэа яго прысутнасьці раніцай у выцьвярэзьніку. Проста паставілі час выбыцьця. Такі варыянт, лічу, магчымы. Яго забралі і прэсавалі».

У матэрыялах справы фігуруе прызнаньне Алега, што ён спускаў кола. Бацька думае, што сына прымусілі падпісаць.

Праігнаравалі экспэртаў

Магчымымі здаюцца два варыянты. Альбо хлопца сапраўды зьбілі ўначы, а ў міліцыі раніцай ня сталі на гэта зьвяртаць увагу. Альбо па дарозе дадому, за якую гадзіну, зь ім магло нешта здарыцца. Вядома ж, пабіцца шмат часу ня трэба. Можна і самому напароцца на якую цагліну. Але ці будзе ён хлусіць бацькам, што пабілі яго міліцыянты?

Экспэрты вызначылі час і прадмет атрыманьня траўмы: тупым цьвёрдым прадметам каля адных сутак да паступленьня ў шпіталь. Нанесьці яе ён мог сам. Але яна «не магла ўтварыцца ў выніку падзеньня на плоскасьці альбо пры абставінах, указаных супрацоўнікамі міліцыі», як гаворыцца ў заключэньні экспэртызы.

Праўда, сьледчы праігнараваў дакумэнт. «Невядома, якім чынам і ў які часавы інтэрвал Цімафееў атрымаў цялесныя пашкоджаньні, з кім праводзіў час да затрыманьня, якія ўстановы наведваў. Цімафееў мог атрымаць цялесныя пашкоджаньні і пры іншых абставіах, а не пры затрыманьні супрацоўнікамі міліцыі», — вырашыў ён.

«Як ня вызначаны час, калі экспэрты яго акурат і абазначылі?» — абураецца бацька нябожчыка.

Што да падзеньняў зь лесьвіцы і клюмбы, то ўжо празь пяць месяцаў пасьля сьмерці Алега новая экспэртыза зрабіла заключэньне, што ад падзеньня маглі ўтварыцца крывападцёкі левай галёнкі і драпіны левай кісьці, якія былі на целе Цімафеева. Час, калі ён падаў і крыху падраўся, магчыма, супадае з часам атрыманьня траўмы жывата.

Але экспэрты не маглі вызначыць, ці магла быць нанесеная траўма жывата падзеньнем на камень. Прычына — адсутнасьць у матэрыялах праверкі дадзеных пра яго канкрэтнае разьмяшчэньне. Атрымліваецца, камень знайшлі, забралі зь месца здарэньня, але не задакумэнтавалі, у якім месцы ён ляжаў.

«Думаю, што любы чалавек, калі будзе падаць, не паваліцца плазам — ён паваліцца на рукі ці перавернецца на плячо. Можна ўдарыцца грудзінай, але ня веру, што можна жыватом», — кажа бацька памерлага.

Знайсьці вінаватых

«Я не сьцьвярджаю, што зьбілі канкрэтна тыя патрульныя, што яго забіралі. Ёсьць факт атрыманьня цялесных пашкоджаньняў. Я прашу высьветліць, хто зьбіваў», — кажа Віктар Цімафееў.

Калі забіралі Алега, гэта бачыў ягоны сябар. Ён даказвае, што Алег нібыта пачуў шыпеньне ад кола машыны. Падышоў паглядзець, калі і зьявіліся міліцыянты. Цімафееў пабег, а сябар стаяў убаку. Віктар тлумачыць такі сынаў учынак тым, што ён, паколькі выпіў піва, баяўся трапіць у выцьвярэзьнік.

«Пратакол апытаньня сябра прысутнічае ў матэрыялах. Але сьледчы як ставіць пытаньне? «Вы бачылі, як яго зьбівалі?» — «Не». А трэба было пытацца, ці быў ён здаровы да затрыманьня». «Абставіны прычыненьня цялесных пашкоджаньняў Цімафееву з боку супрацоўнікаў міліцыі не знаходзяць свайго пацьверджаньня, аспрэчваюцца супрацоўнікамі міліцыі», — пастанавіў сьледчы.

Віктар Цімафееў рыхтуе новыя скаргі. Ён дамагаецца, каб усё ж завялі крымінальную справу. Каб вызначылі, пры якіх абставінах сын атрымаў сьмяротную траўму. Бо пакуль няма яснасьці, датуль і будуць заставацца сумневы ў справядлівасьці.

Крыніца: «Наша Ніва»