Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Снежань 2013

Сяргей Рыжоў: Пасьля зьбіцьця ў выцьвярэзьніку патрабуецца апэрацыя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Рыжоў Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў паведаміў, што мусіў зьвярнуцца да мэдыкаў, бо стан ягонага здароўя пасьля знаходжаньня ў мэдвыцьвярэзьніку 16 лістапада пагоршыўся. Высьветлілася, што ў палітыка зламаныя пальцы на правай руцэ.

«Міліцыянты — супрацоўнікі выцьвярэзьніку патрабавалі, каб я падпісаў пратаколы пра затрыманьне. Мяне прывязвалі да крэсла, выкручвалі пальцы, душылі, некалькі разоў ударылі… Уначы зь 17 на 18 лістапада, як толькі мяне адпусьцілі, я выклікаў хуткую дапамогу. Мэдыкі забралі мяне з хаты і завезьлі ў траўмапункт. Там зрабілі толькі рэнтгенаўскі здымак грудной клеткі і засьведчылі, што пераломаў рэбраў няма. І гэта была ўся мэдычная дапамога, якую я атрымаў», — распавёў Сяргей Рыжоў.

З часу знаходжаньня ў выцьвярэзьніку мінуў ужо амаль месяц. Рыжоў кажа, што ўвесь гэты час адчувае падвышаны ціск і боль у пальцах абедзьвюх рук. Паўторна зьвярнуцца да мэдыкаў яму параіў лекар Ігар Пастноў, які апякуецца станам здароўя Рыжова.

«Я бачу, што пальцы ў яго кепска рухаюцца, не загойваюцца. І вось цяпер такі вынік: здымкі паказалі, што тырчаць косткі. І, імаверна, спатрэбіцца апэрацыя, бо паламаныя пальцы не зрастаюцца ці зрастаюцца няправільна. Як мэдык я абураны: чаму чалавеку, які скардзіцца на тое, што яго зьбівалі, не зрабілі рэнтген унутраных органаў, не зьвярнулі ўвагі на тое, што ў яго рукі не ў парадку? Ды яму нават аналізаў крыві і мачы не прызначылі, хаця ведалі, што ў Рыжова — гепатыт. Я некалькі разоў сам рабіў яму ўколы вітамінаў, бо не магу пакінуць яго без дапамогі. Да Рыжова — палітыка можна ставіцца як заўгодна — любіць яго ці не любіць. Але катаваць чалавека ў выцьвярэзьніку — нават калі ён у нецьвярозым стане — ніхто ня мае права!» — кажа Ігар Пастноў.

Цяпер, калі высьветлілася, што пальцы на руцэ зламаныя, і што, мабыць, давядзецца рабіць апэрацыю, Рыжоў рыхтуе скаргі на бязьдзейнасьць мэдыкаў пасьля першага агляду ў траўмапункце. Ён хоча падаць скаргі ў абласную ўправу і ў Міністэрства аховы здароўя.

Віцебскі лекар Ігар Пастноў гатовы засьведчыць, што на ўласныя вочы бачыў траўмы Рыжова пасьля выцьвярэзьніка. Але як толькі ў інтэрнэце зьявіліся зьвесткі пра тое, што Пастноў аказвае Рыжову мэдычную дапамогу, віцебскага лекара пачалі папярэджваць на працы, што ў яго могуць быць праблемы праз аказаньне мэдычных паслугаў безь ліцэнзіі. Пастноў жа гаворыць, што дапамагае не за грошы, а паводле прафэсійнага абавязку. Тым больш, што Сяргей Рыжоў стаў даверанай асобай Ігара Пастнова, калі той знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні пасьля крытычных выступаў у інтэрнэце.

Сяргей Рыжоў адразу ж падаў скаргу пра зьбіцьцё ў выцьвярэзьніку ў пракуратуру, і цяпер Сьледчы камітэт праводзіць праверку па гэтым факце. Рыжову ўжо прысуджаны штраф за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Але ў дадатак да гэтага, праз два тыдні пасьля затрыманьня, на яго склалі яшчэ адзін пратакол: за непадпарадкаваньне міліцыянтам — супрацоўнікам мэдвыцьвярэзьніка. На ягоную думку, гэта зроблена «для страхоўкі» — каб апраўдаць зьбіцьцё і катаваньні «службовай неабходнасьцю».

Радыё Свабода