Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 30 Май 2014

На Віцебшчыне адключаюць аналягавае тэлебачаньне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Згодна з графікам паэтапнага адключэньня аналягавага тэлевізійнага вяшчаньня на тэрыторыі Віцебскага раёну з 1 чэрвеня 2014 году спыняецца вяшчаньне дзяржаўных праграм аналягавай тэлевізіі «СТБ» (41 частотны канал), «НТВ-Беларусь» ( 26 частотны канал), «Беларусь-2» (31 частотны канал) з радыётэлевізійнай перадаючай станцыі (РТПС) у г. Віцебску.

Аналягавая тэлевізія ў кабельных сетках апэратараў платнага тэлебачаньня пры гэтым адключацца ня будзе, і тэлегледачы працягнуць глядзець усе праграмы, што даваліся раней. Тыя, хто выкарыстоўвае індывідуальныя антэны, ня змогуць прымаць этэрны сыгнал, бо для гэтага патрабуецца лічбавае абсталяваньне.

Замест аналагавага ТБ-сыгналу жыхарам Віцебскага раёну даступны пакет з 8 праграм: «Беларусь-1», «Беларусь-2», «Беларусь-3», «АНТ», «СТБ», «РТР-Беларусь», «НТВ-Беларусь», «МІР». У залежнасьці ад месца разьмяшчэньня і рэльефу мясцовасьці тут магчымы этэрны прыём гэтых праграм у лічбавым фармаце. Спэцыяльныя перадатчыкі разьмешчаныя на РТПС ў Віцебску.

Як адзначыў дырэктар Віцебскага абласнога вузла радыёвяшчаньня і тэлебачаньня Леанід Хішчоў, паколькі адзін лічбавы перадатчык вяшчае восем праграм, магутнасьць спажываньня ім электраэнэргіі ў пераліку на адну тэлепраграму зьмяншаецца ў некалькі разоў. Гэта дазваляе скараціць агульныя выдаткі на электраэнэргію пры аднолькавай зоне абслугоўваньня. Да таго ж устойлівы і якасны прыём ТБ-праграм магчымы як на стацыянарную, гэтак і на пакаёвую антэну (лічбавы тэлесыгнал менш падвяргаецца шумавым узьдзеяньням і розным перашкодам). Леанід Хішчоў адзначыў, што на сёньня ахоп насельніцтва краіны лічбавым тэлевізійным вяшчаньнем стандарту DVB-T складае звыш за 97 адсоткаў.

Крыніца: Жыццё Прыдзвіння