Друкаваць гэтую старонку
Серада, 22 Жнівень 2018

Жыхара Віцебску будуць судзіць за распальваньне варожасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

28-гадовы жыхар Віцебску Пётар Трублінскі можа правесьці да 5 гадоў у калёніі. Нагодай сталі відэазапісы, якія ён разьмясьціў у сацсетках.

Цяпер усе акаўнты Трублінскага выдаленыя. Але інфармацыю знайсьці можна. Хлопец ствараў суполкі Укантакце: «Алькаголікі Віцебску», «Сатаністы і готы Віцебску», «Фільмы жахаў», «Нарвэскі блэк-мэтал». Цікавіўся на форумах рунамі і іх значэньнем. І таксама пакідаў пад відэа аб загніваючай ад геяў і мігрантаў Эўропе вось такія камэнты: «Шкада, Гітлера няма на жыдоў, якія там кіруюць, і пачвараў-імігрантаў».

Як паведамляюць «Народныя навіны Віцебску», 3 верасьня пачнецца разгляд справы Трублінскага.

«Мяне будуць судзіць за відэазапісы. Але гэта проста гістарычнае відэа. Яно не заблякаванае, знаходзілася ў вольным доступе.

У мяне на старонцы былі дакумэнтальныя прамовы Гітлера. Але я гісторыяй цікаўлюся, там шмат было відэа па гісторыі. Ніякіх ультраправых ідэяў я не падтрымліваю, — паведаміў Трублінскі. — Некаторыя «правыя» ідэі мне блізкія, падтрымліваю ідэі пра здаровы дух, здаровую нацыю. Але я не расіст, нічога ня маю супраць габрэяў ці людзей зь іншым колерам скуры».

Віцебскія СМІ пісалі, што Трублінскі цікавіўся сатанізмам. Сам ён адказаў, што цікавіўся, але калі быў падлеткам. Увогуле, у межах інтарэсу да гісторыі, ён цікавіўся і іншымі рэлігіямі, і паганствам, запэўніў Трублінскі.

Цяпер Пётар працуе камплектоўшчыкам і чакае суду. Тым часам па СМІ ўжо разыйшлося яго фота ў худзі з надпісам «Я русскій».

«Гэты надпіс быў сынонім патрыятызму. Увогуле я не падзяляю славян на расейцаў, беларусаў ці ўкраінцаў. Сам я лічу сябе славянінам», — патлумачыў Трублінскі.

УШ, nn.by