Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Лістапад 2017

Ісламіст з Полацку, які зрабіў выбуховую прыладу, атрымаў 12 гадоў пазбаўленьня волі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

За распальваньне рэлігійнай варожасьці, выраб выбуховага прыстасаваньня і распаўсюд парнаграфіі 34-гадовы жыхар Полацку Аляксей Ціханкоў прысуджаны судовай калегіяй па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Аляксей Ціханкоў, як выявіў суд, у 2013 годзе паехаў у Нямеччыну, дзе пад уплывам эмігрантаў з Чачні і Дагестану прыняў іслам – суніцкую яго плынь. Пры гэтым ён стаў падтрымліваць ідэалёгію тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і вядзеньне збройнага «джыхаду» супраць «няверных», то бок тых, хто не вызнае іслам.

Жывучы ў Нямеччыне Ціханкоў у сацсетцы «УКантакце» распаўсюджваў розныя прапагандысцкія матэрыялы ISIS і іншыя экстрэмісцкія матэрыялы, якія накіраваныя на фармаваньне пачуцьця нянавісьці, варожасьці і нецярпімасьці ў дачыненьні да немусульманаў, а таксама падахвочваюць да супрацьпраўных гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да іх.

У 2015 годзе нямецкія ўлады дэпартавалі Аляксея Ціханкова ў Беларусь. На радзіме ён працягнуў свае супрацьпраўныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне рэлігійнай варожасьці, выкарыстоўваючы для распаўсюду ісламісцкіх матэрыялаў рэлігійна-экстрэмісцкага характару ня толькі сацыяльную сетку «УКантакце», але і мэсэнджэры WhatsApp і Telegram.

Апроч таго, у 2016 годзе ён, знаходзячыся пад уплывам ваяўнічай ідэалёгіі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і іншых радыкальных ісламісцкіх груповак, стаў актыўна шукаць у інтэрнэце інструкцыі па вырабе самаробных выбуховых прыстасаваньняў. Неабходныя кампанэнты выбухоўкі Ціханкоў купляў у розных крамах Полацку. А пасьля, напрыканцы кастрычніка 2016 году, з дапамогай запампаванага на тэлефон відэароліку з інструкцый і набытых кампанэнтаў вырабіў выбуховае рэчыва, якое захоўваў у кватэры, дзе жыў, пакуль яго 28 кастрычніка 2016 году не знайшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Таксама ў гэтай кватэры і па месцы рэгістрацыі Ціханкова знайшлі гатовыя да збору разам складовыя часткі дэтанатару і самаробнай выбуховай прылады.

Падчас сьледзтва было выяўлена, што апроч экстрэмісцкіх матэрыялаў Ціханкоў распаўсюджваў і парнаграфію, рассылаючы яе іншым карыстальнікам сацсеткі «УКантакце».

10 лістапада ў Полацку судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду прызнала Аляксея Ціханкова вінаватым у наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце рэлігійнай і іншай сацыяльнай прыналежнасьці, і на падставе часткі 1 артыкулу 130 КК прысудзіла да пазбаўленьня волі на 4 гады; у распаўсюдзе парнаграфічных выяваў, які быў зьдзейсьнены з выкарыстаньнем інтэрнэту, – на падставе часткі 2 артыкулу 343 КК прызначыла пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 2 гады; у незаконных вырабе і захоўваньні выбуховых рэчываў, незаконным вырабе асноўных частак выбуховых прылад, незаконным вырабе выбуховых прылад у мэтах зьдзяйсьненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124, 126, 127, 289, 292, 359 і 360 КК, і на падставе часткі 4 артыкулу 295 КК прызначыла пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 11 (адзінаццаць) гадоў без канфіскацыі маёмасьці.

Па сукупнасьці злачынстваў праз частковае складаньне прызначаных пакараньняў канчаткова Ціханкоў прысуджаны да пазбаўленьня волі на 12 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога суду. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законным парадку.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc