Друкаваць гэтую старонку
Субота, 17 Верасень 2016

Школьнікаў Віцебшчыны далей адпраўляюць у Расею на зборы нэанацыстаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У траўні ў мэдыях паведамлялася пра адпраўкі беларускіх дзяцей зь Віцебскай вобласьці на трэніроўкі да расейскіх нэанацыстаў, які маюць досьвед вайны на Данбасе. Тады Міністэрства ўнутраных спраў распачало праверку агучаных фактаў, адрэагаваў абвяржэньнем Сынод Беларускага Экзархату РПЦ. Але што ж у выніку сталася з тымі клюбамі?

Пра гэта можна даведацца, напрыклад, пачытаўшы справаздачу баевікоў з праведзеных у Падмаскоўі збораў (9-11 верасьня).

Вось што піша ідэоляг мілітарысцкіх летнікаў, праваслаўны манархіст і аўтар кнігі «Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі» Валер Шамбараў:

«"Царю Небесный, Утешителю, Душе истины, Иже везде сый, и вся исполняяй, Сокровище благих и жизни Подателю, прииди и вселися в ны"», – сьпяваюць хлопчыкі і дзяўчынкі. Хто ведае малітву, падхоплівае, хто не – проста жагнаецца. Так пачаліся вайскова-патрыятычныя зборы ў гонар Дзьмітрыя Данскога. У шэрагах сотні хлопцаў з розных рэгіёнаў Расеі, Данецкай, Луганскай рэспублік, Белоруссіі [так у аўтара].

У кагосьці з прыездам былі грашовыя цяжкасьці, у кагосьці нават палітычныя. Напрыклад, на мінулыя зборы прыяжджала каманда з братэрскай Белорусьсіі. Праявіла сябе выдатна, дзеці зьяжджалі натхнёныя. Але вярнуліся дадому, і на іх накінуліся моцным шквалам лібэралы, бандэраўцы, нацыяналісты і падобная "грамадзкасьць". А яна апошнім часам карыстаецца негалоснай, але цалкам адчувальнай падтрымкай беларускіх уладаў. Да цкаваньня падключыліся школы, мясцовыя царкоўныя структуры і іншыя органы. Дзяцей і іхных кіраўнікоў літаральна задзяўблі.

У выніку клюб, які быў у нас, быў зацкаваны, задушаны і закрыты. І ўсё ж такі, нягледзячы на гэта, на чарговыя зборы прыехала іншая беларуская дэлегацыя. Але толькі і яна, і мы ўжо былі навучаныя сумным досьведам. Каманда афіцыйна не рэгістравалася, пра сябе не заяўляла, а дзяцей далучылі да іншых клюбаў – яны цудоўна знайшлі супольную мову», – піша Шамбараў.

Што клюбы разгромленыя, таксама пацьвердзіла маці аднаго з хлопцаў, якога мінулым разам вазілі на трэніроўкі пад Маскву.

«Так, вядома, пытаньні былі. Шмат хто задаваў, вы разумееце. Да нас прыходзілі. Зьверху таксама ціснулі, высьвятлялі, хто і што. І я, і сын расказалі, што ведалі. Але ніхто дзіця не цкаваў. Мы туды больш не хадзілі. Ды і клюб пасьля гэтай гісторыі ўжо не існуе», – сказала жанчына.

Але з тэксту расейскіх арганізатараў збораў вынікае, што беларусы там усё ж былі.

Кажучы пра палепшаную кансьпірацыю, баявікі не хітруюць – ідэнтыфікаваць беларусаў там насамрэч цяжка, бо іх няма на фотасправаздачы.

Але ўсё ж мы знайшлі адну зачэпку на відэа, апублікаваным са збораў.

На 24-й сэкундзе роліка у аб'ектыў камэры трапляе чалавек, якога можна назваць дакладна – Аляксандар Георгіевіч Шаўчэнка.

Гэтая асоба ўжо згадвалася намі ў папярэдніх расьсьледаваньнях як датычная да вывазу дзяцей на зборы нэанацыстаў. Побач зь ім на фота 8 чалавек – дзяцей. Стаяць яны акурат так, як і ўсе астатнія – кіраўнік леваруч ад выхаванцаў.

Ці можа быць так, што на ягоныя плечы лёг увесь цяжар «патрыятычнага» выхаваньня беларускіх школьнікаў, калі пары Гаўрыліных абсеклі кантакты зь беларускай моладзьдзю?

Вось, дарэчы, іх супольнае фота – Шаўчэнка разам з Гаўрылінымі і выхаванцамі «ваенна-патрыятычных» клюбаў пры Віцебскай епархіі.

Тут вакол яго беларускія дзеці. Дык мо’ і там таксама?

На гэтых зборах атмасфэра наўрад ці адрозьнівалася ад ранейшых: імпэрскія і сэпаратысцкія сьцягі, трэнэры-нэанацысты і баявікі «ДНР» (Дывэрсійная група «Русіч» і «ЕНОТ КОРП»), а таксама ўручэньне крыжоў «героям Данбасу».

Раман Целянкевіч – адзін з арганізатараў збораў, удзельнік баёў на Данбасе і ардэнаносец «Наваросіі».

Зь пісталета ўдзельніка вучэньняў вылятае гільза. Без балістычнай экспэртызы цяжка сказаць, ці баявымі ён страляе. Але што не «ваздушка» – дык дакладна.

Элемэнты трэніровак можна глянуць на відэа. Арганізатары – баявікі «ЕНОТ КОРП» – проста так і кажуць, што рыхтуюць салдат.

Мы таксама пацікавіліся ў аддзеле ідэалёгіі Віцебскага аблвыканкаму, ці адсочваюць яны сытуацыю з паездкамі беларускіх дзяцей у няясныя расейскія структуры і як на гэта рэагуюць.

Нам адказаў намесьнік кіраўніка аддзелу Пятро Гнуцэнка.

«Па гэтай тэматыцы былі выступы і ў рэгіянальных СМІ, калі вы ня бачылі. Тое, што адбылося тады… за гэта некаторыя нашыя кіраўнікі ўжо дастаткова былі пакараныя.

Гэта не адназначна, тут работа дагэтуль вядзецца і будзе весьціся. Па тэлефоне тут шмат ня скажаш, такая тэма. Мы вывучым крыніцу новай інфармацыі і ў абавязковым парадку вернемся да пытаньня. Бо калі некаторыя таварышы недаразумеюць гэты момант, то мы іхнае разуменьне падправім. Таму што ўсё павінна быць нармальна, у прававым полі. Выхоўваць трэба на добрым прыкладзе, каб не было ніякіх экстрэмальных праяў, пра якія гаворка ідзе», – сказаў нам чыноўнік.

Нагадаем таксама, што з рэзкім асуджэньнем вывазу беларускіх дзяцей на трэніроўкі да баевікоў Данбасу выказаліся найбуйнейшыя дзяржаўныя СМІ – тэлеканал АНТ і газэта адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссія».

Арцём Гарбацэвіч, http://nn.by