Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Май 2016

Праваслаўныя сьвятары адпраўляюць школьнікаў Віцебшчыны ў лягеры нэанацыстаў у Расеі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Асобныя праваслаўныя сьвятары аказаліся ўцягнутыя ў сумнеўную актыўнасьць. Датычнай аказалася і віцебская арганізацыя беларускіх афганцаў «Братэрства».

Любая вайна прыцягвае садыстаў. Канфлікт на Данбасе ня быў выключэньнем. Сярод іншых адзначыўся там нейкі Аляксей Мільчакоў з Санкт-Пецярбургу - камандзір так званай дывэрсійнай групы «Русіч», якая ваявала за «ДНР». На ягоных старонках у сацыяльных сетках зьяўляліся фатаграфіі ўкраінскіх салдат з выразанымі на тварах свастыкамі і адрэзанымі вушамі.

Якое ж было наша зьдзіўленьне, калі мы атрымалі фотаздымкі Мільчакова, які вядзе заняткі зь беларускімі школьнікамі ў летнім лягеры ў Расеі.

Аляксей Мільчакоў з аўтаматам - пасярэдзіне.

Гэты чалавек стаў вядомым яшчэ ў 2012 годзе, калі пад сьцягам Трэцяга Рэйху адразаў сабакам галовы, пільна фіксуючы ўвесь працэс на фота.

«Сабакі ня толькі сябры чалавека, але і выдатны шашлычок», - пісаў на сваёй старонцы «УКантакце» Мільчакоў і заклікаў забіваць ня толькі жывёл, але і бамжоў.

Яшчэ ў 2011 годзе Мільчакоў фатаграфаваўся з нацысцкім сьцягам.

Вайна на Данбасе стала выдатнай магчымасьцю для самарэалізацыі Мільчакова.

Ужо там, ва Ўкраіне, разам са сваімі аднадумцамі-нацыстамі з «Русіча», Мільчакоў адзначыўся тым, што проста на тварах забітых украінскіх жаўнераў выразаў васьміканцовыя свастыкі, адразаў ім вушы, рабіў на фоне трупаў «сэлфі».

Мільчакоў паказвае жэст «кляс» на фоне цела ўкраінскага салдата (замаляванае).

Фота ўсіх ягоных «подзьвігаў» не надаюцца на публікацыю празь іх бесчалавечнасьць. Але ахвотным не складзе цяжкасьці адшукаць іх у інтэрнэце.

Такім людзям не павінна быць месца ў цывілізаваным грамадзтве.

Але менавіта да іх на выхаваньне возяць беларускіх (!) дзяцей структуры, якія і раней фігуравалі ў трывожных кантэкстах.

Вось фота зь «Велікодных ваенна-патрыятычных моладзевых збораў», якія прайшлі пад Масквой з 6 па 9 мая. Перад групай падлеткаў у паласатай цяльняшцы стаіць Мільчакоў.

Як пішуць арганізатары, зборы прысьвячаліся «пачатку Другой сусьветнай вайны і 100-годзьдзю брусілаўскага прарыву».

Арганізавалі гэтыя зборы Дывэрсійная група «Русіч» з «ДНР», карпарацыя баявікоў «ДНР» E.N.O.T. і «Некамэрцыйнае партнэрства па адраджэньні казацтва».

Усе інструктары збораў належалі альбо да ЕНОТаў, альбо да «Русіча». Чым яны адметныя?

«Галоўная мэта - узнаўленьне Рускага народу. Дзесьці інфармацыяй, а дзесьці «агнём і мячом» - паўсюль мы робім усё магчымае, ніколі не застаючыся абыякавымі», - пішуць пра сябе ЕНОТы і разьмяшчаюць відэа, дзе Гіркін-Стралкоў узнагароджвае іх за штурм Дэбальцава.

«Мы будуем тут рускую нацыянальную Чачню, дзе ўсё будзе толькі для рускага народу», - гэта ўжо баявік «Славян» з «Русіча» абазначае задачы свайго ўдзелу ў вайне на Данбасе.

ЕНОТы разам з «Русічамі». Пасярэдзіне ў сінім - Аляксандар Барадай, кіраўнік саюзу дабраахвотнікаў Данбасу, былы намесьнік Захарчанкі, «старшыня савету міністраў ДНР».

Каго яны трэніруюць? Дзяцей, якія займаюцца ў розных г.зв. «ваенна-патрыятычных» клюбах па ўсёй Расеі.

Некалькі разоў на год правінцыйныя інструктары звозяць малалетак да прафэсіяналаў зь ЕНОТу і «Русіча», каб тыя ладзілі для дзяцей майстар-клясы.

Іх вучаць нажавому, тактычнаму, рукапашнаму бою, стральбе з розных відаў зброі.

Сёлета на гэтыя ваенныя зборы прывезьлі таксама малалетніх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына.

Вось агульнае фота. Зьлева чырвоным пазначаныя баевікі «Русіча», у блакітным берэце сам Мільчакоў. А па цэнтры - малалетнія сябры «ваенна-патрыятычных» клюбаў пры цэрквах Віцебскай епархіі разам са сваімі кіраўнікамі.

А канкрэтна вядзецца пра Талачынскае «Праваслаўнае ваенна-патрыятычнае брацтва імя сьвятых благаверных князёў Барыса і Глеба парафіі храму Ўвядзеньня ў храм Прасьвятой Багародзіцы», «Казацкі» клюб «Вароты Паазер'я» (афіцыйна аформлены як «каманда Палаца творчасьці дзяцей і моладзі г. Віцебску), Друцкі «Праваслаўны ваенна-патрыятычны клюб імя Архангела Міхаіла», а таксама ваенна-патрыятычны клюб «Школа выжываньня» пры віцебскай арганізацыі афганцаў «Братэрства» (кіраўнік «Братэрства» - старшы прапаршчык запасу Валер Ананчанка).

Усімі вышэйназванымі «ваенна-патрыятычнымі» клюбамі кіруе адна сямейная пара Гаўрыліных - Тацяна і Міхаіл.

Выхаванцы Гаўрыліных на пярэднім пляне.

У Друцкім клюбе пры парафіі храма Раства сьвятой Багародзіцы Тацяна Гаўрыліна - «атаман».

У афганскім «Братэрстве» - «сябра рады па рабоце з моладзьдзю».

У расейскім «партнэрстве па адраджэньні казацтва» - «сотнік».

Міхаіл жа паўсюль выконвае функцыі намесьніка ў жонкі.

Цяжар «патрыятычнага» выхаваньня моладзі зь імі дзеляць іерэй Талачынскага благачыньня Алег Плаксіцкі і старшы навуковы супрацоўнік інстытуту сацыялёгіі РАН, казак Аляксандар Шаўчэнка.

Вось некаторыя зь іх на фота разам з выхаванцамі: зьлева Тацяна Гаўрыліна, за сьпінай дзяўчыны муж Тацяны, а справа Шаўчэнка.

Гэта яны на экскурсіі ў аршанскіх кадэтаў. Зьвярніце ўвагу на маленькага хлопчыка з мэдалём у колерах расейскага сьцяга.

Вось 10-гадовы навучэнец 9-й віцебскай гімназіі Арсень Касьян буйным плянам. На левай назе ў раёне калена ў хлопца латка.

А вось ён жа на зборах у Падмаскоўі трымае ў руцэ палку. У хлопца той самы «мэдаль», тая ж самая латка на левай назе.

Побач стаяць таксама беларускія дзеці.

Што за асобы ў зялёным камуфляжы?

Сьпінай да камэры, з шаўронам «Русіча», стаіць расейскі нэанацыст Ян Пятроўскі з пазыўным «Славян».

Вось ён на тых самых зборах са сваім камандзірам-скуралупам Мільчаковым.

Нават фота для свайго «інстаграму» сябры робяць у адных месцах і позах.

Фота са старонкі яшчэ аднаго нацыста «УКантакце».

Ян увесь у наколках - на грудзёх ў яго набіты «Зонэнрад» - эмблема дывізіяў СС «Нордлянд» і «Вікінг».

Іншыя інструктары збораў мала чым адрозьніваюцца ад Мільчакова і Пятроўскага.

А вось што яны расказваюць дзецям! У кожнай фразе нянавісьць да людзей.

«Пачынаеце страляць зьнізу, - Мільчакоў вучыць дзяцей на ранейшых зборах забіваць «украў». - Табе адразу ахраненна тады. Страляеце па нагах. У праціўніка афігенна дупу рве. Нават калі ён у броніку, ён упадзе. Таму што некаторыя вясёлыя людзі ў данецкім аэрапорце ўмудрыліся выйсьці вось так на укра, сказаць «ні..я сабе», і ў…аць яму чаргу бранябойна-запальнага з калаша. Укр загарэўся і, я думаю, ён падох, хутчэй за ўсё».

Галоўны ідэоляг збораў - расейскі публіцыст Валер Шамбараў, вядомы такімі творамі, як «Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі», «Як русічы перамаглі Дарыя і Македонскага» і г.д.

На відэа зь леташніх збораў відаць, як ён расказвае дзецям, што «бандэраўцаў» трэніруюць амэрыканскія дэсантнікі, таму вас, маўляў, таксама будуць трэніраваць людзі з баявым досьведам, але «нашы, рускія».

Пры гэтым вітаюцца зь дзецьмі словамі «Хрыстос уваскрос».

Аўтаматы, імпэрскія сьцягі - вось гэткае патрыятычнае выхаваньне для школьнікаў-беларусаў.

Сёлета ў сетцы зьявілася толькі кароценькае відэа.

Але як туды занесла беларускіх дзяцей?

Аказваецца, чарнасоценскі квартэт Плаксіцкага, Гаўрыліных і Шаўчэнкі займаецца «патрыятычным» выхаваньнем беларускіх дзяцей з 2013 году.

Гаўрыліна справа перад сваімі выхаванцамі.

Працаваць «ваенна-патрыятычныя» клюбы адразу пачалі пад куратарствам расейскай арганізацыі «Некамэрцыйнае партнэрства па спрыяньні адраджэньню казацтва «Кубанскай казацкай асацыяцыі “Расея”».

Пачынаючы з 2013 году гэтае «партнэрства» пачало арганізоўваць для дзяцей зь Віцебскай епархіі праваслаўныя летнікі, дзе разам з рэлігійнай прапагандай іх таксама навучалі і… ваеннай падрыхтоўцы. Абсталяваньне для адпрацоўкі тактычнага бою даваў віцебскі лязэртаг-клюб «Кольт».

Увесь працэс можна было адсачыць на ютуб-канале Алега Плаксіцкага.

Праваслаўны сьвятар Алег Плаксіцкі разьвівае сувязі з расейскім казацтвам.

Туды ён запампоўваў відэасправаздачы з большасьці збораў, што арганізоўваліся Талачынскім благачыньнем і расейскім казацкім «партнэрствам».

Калі інфармацыя пра «патрыятычнае выхаваньне» школьнікаў Віцебшчыны трапіла ў мэдыі, бацюшка сьпешна выдаліў свой відэа-канал зь ютуб.

Гаўрыліны - таксама сябры гэтай «Кубанскай казацкай асацыяцыі», як паказана на кадрах аднаго з надоечы выдаленых відэа з канала сьвятара. Тацяна - «сотнік», яе муж - «падхарунжы».

Дарэчы, Гаўрыліны ўжо зьяўляліся ў беларускіх СМІ - тады мы пісалі, што ў 19-ю аршанскую школу зь дзіўным візытам прыехалі нейкія казакі.

Тады Гаўрыліна ўручала дзецям «мэдалі» з расейскім трыкалёрам.

Што думаюць бацькі тых дзяцей, якія пабывалі ў лягерах чарнасоценцаў?

Мы пагутарылі з бацькамі малалетняга Арсеня Касьяна і яшчэ аднаго хлопца, Андрэя Талерчыка. На фота ён у цёмнай саколцы.

«Я ведала, куды яны едуць. Яны ехалі з кіраўніком, а кіраўнік ужо ведае, хто там чым займаецца. Мы ўжо год там займаемся і давяраем гэтай жанчыне. Сыну падабаецца - сустрэчы для нас арганізоўвалі розныя, і ў Воршу мы езьдзілі, сустракаліся з кадэтамі. Мы грамадзяне сваёй краіны і патрыёты. Гэта проста як для хлопчыка - ваенная падрыхтоўка. Я разглядаю ў гэтым ключы. Пакуль у мяне ніякіх падазрэньняў не выклікае», - сказала Вольга, маці маленькага Арсеня.

Мы пацікавіліся ў яе, як патрыятызм спалучаецца з расейскімі шаўронамі, што яе сын носіць на сваім кіцелі.

«Гэта ён мяне папрасіў нашыць», - сказала жанчына.

«Мы ўвогуле туды выпадкова патрапілі: муж па восені ўбачыў каля моладзевага цэнтру дзяцей у камуфляжнай форме, спытаў, што гэта ў іх тут. Яму сказалі, што клюб. Ён кажа - можна да вас? Ну вось так было. А за паездку гэтую мы нядорага аддалі - 500 рублёў «расеі» [каля 150 тысяч беларускімі]», - дадала жанчына.

А вось маці Андрэя Талерчыка з жахам сказала, што яна ня ведала, якія інструктары будуць на «зборах» і перастала здымаць слухаўку.

Датэлефанаваліся мы і да старшыні віцебскай афганскай арганізацыі «Братэрства» Валера Ананчанкі.

Менавіта праз гэтую арганізацыю ў лягер трапіў той самы Талерчык.

Ананчанка сказаў, што ён «нічога ня ведае» і абяцаў «разабрацца». Таксама ад яго мы даведаліся, што Гаўрыліна ня мае дачыненьня да Афганскай вайны - паводле статуту «Братэрства», для сяброўства неабходна толькі быць паўналетнім і мець цікавасьць да афганскай тэмы.

З просьбай патлумачыць, як так выйшла, што «вайскова-патрыятычныя» клюбы пры Віцебскай епархіі адпраўлялі школьнікаў на ваенна-палявыя зборы ў Расеі, мы зьвярнуліся да протаіерэя Аляксандра Кавалёва - кіраўніка аддзелу па справах моладзі Віцебскай епархіі.

Протаіерэй Аляксандар Кавалёў. Фота vitprav.by.

«Якія нэанацысты? Напісаць і сфатаграфаваць можна што заўгодна, - адказаў ён. - Што да Мільчакова… А вы можаце на 100% пацьвердзіць усё гэта? Калі б я верыў усяму таму, што бачу ў інтэрнэце і тэлебачаньні, то ведаеце, я б даўно з глузду зьехаў», - сказаў Кавалёў.

На ягоную думку, уся гісторыя - фэйк, створаны з мэтай «разладу».

«Чаму вам гэта так не падабаецца? Косткай у горле ў вас тэма гэтая стаіць, - лічыць протаіерэй. - Ёсьць ваенна-патрыятычныя клюбы, яны павінны сустракацца адзін з адным, яны павінны разам спаборнічаць, гэтыя дзеці. Усё ў межах закону. А тое, пра што вы пішаце, гэта адмыслова каб гэтага не было. Але гэта будзе, разумееце, усё адно гэта будзе», - сказаў Кавалёў.

«Я не пра фашыстаў кажу. Пра тое, што ваенна-патрыятычныя клюбы былі, ёсьць і будуць. Пад апекай казакоў, пад апекай былых вайскоўцаў, разумееце. Мы езьдзілі ў Расею, езьдзім і будзем езьдзіць», - дадаў ён.

Паводле: Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва