Друкаваць гэтую старонку
Серада, 13 Жнівень 2014

Ворша: за абразы і пагрозы рабочаму адміністрацыя адкажа ў судзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рабочым аршанскіх электрасетак часам даводзіцца працаваць па 13-16 гадзін на суткі. Аднак адпаведнай аплаты за сваю працу яны так і ня бачаць, як і ня бачаць за гэта дадатковых выходных. Акрамя таго, па надуманых прычынах іх пазбаўляюць прэміяў, не аплачваюць усе працоўныя пуцёўкі і недаплачваюць за перазьменку, якая штодня доўжыцца 30 хвілін.

Пра гэта распавёў працоўны РУП электраэнэргетыкі «Віцебскэнэрга» філіялу Аршанскія электрычныя сеткі Мікалай Прануза, які зьвярнуўся па прававую дапамогу на сацыяльны офіс кампаніі “Гавары праўду”.

Мікалай Прануза паведаміў, што ў іх арганізацыі існуе некалькі табеляў - адзін для бухгальтэрыі, а другі для праверак, і таму колькасьць няўлічанага працоўнага часу часам дасягае некалькіх дзён на працягу паўгодзьдзя. Шматлікія скаргі ў адрас кіраўніцтва арганізацыі не далі ніякіх вынікаў. Не дапамагае адстаяць свае правы і дзяржаўны прафсаюз, які ў 2012 годе падтрымаў наймальніка і даў дазвол на тое, каб працоўным не даплачваць штодня 30 хвілін падчас перазьменкі.

Сытуацыю камэнтуе юрыст Алена Барысава: “Усе адказы на свае скаргі, якія атрымаў Мікалай Прануза, не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Зь іх вынікае, што чалавек, які адпрацаваў на працягу апошніх шасьці месяцаў звыш нормы, застаўся вінен арганізацыі 8 працоўных гадзін. Мною падрыхтаваная скарга аб пераліку звышурочных, а таксама разьязных КТС. Акрамя таго, была падрыхтаваная скарга аб правядзеньні атэстацыі працоўных месцаў атэстацыйнай камісіяй”.

14 жніўня адбудзецца суд, у якім працоўны будзе абараняць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю і спрабаваць законным шляхам даказаць сваю правату. Справа ў тым, што прадстаўнік адміністрацыі філіялу Аршанскіх электрасетак з-за таго, што Мікалай Прануза пісаў скаргі на імя кіраўніцтва і спрабаваў абараніць свае працоўныя правы пачала абражаць яго і пагражала яму наступствамі за яго актыўнасьць у прысутнасьці іншых рабочых.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"