Друкаваць гэтую старонку
Серада, 17 Люты 2016

Рабочыя прадпрыемства ў Воршы дамагліся выплаты мінімальнага заробку праз страйк

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Чытачы з Воршы папрасілі напісаць пра сытуацыю на аршанскім прадпрыемстве «Элект», якое належыць Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку. 51% работнікаў там – інваліды.

«Учора [у сераду 10 лютага] быў страйк. Заднім днём зьмянілі нормы, і выявілася, што ўсе інваліды на прадпрыемстве ня выканалі нормы на месяц. І з улікам гэтага выдалі разьліковыя па 900 000 [каля 41 даляра] за месяц працы, а некаторым і яшчэ менш.

Потым ініцыявалі сход, на якім сказалі, што могуць даслаць нармавальніка, але гэта нічога ня зьменіць, і нормы будуць такія, якія патрэбныя ім. У выніку цэх спыніў працу на 4 гадзіны. Быў напісаны калектыўны зварот у камітэт па працы. Тады дырэктар кудысьці раптам зьнік, а праз гадзіну выдалі новыя разьлікоўкі з усталяваным дзяржавай мінімальным заробкам (бо працоўны дзень у інвалідаў ня 8, а 7 гадзін – і мінімальная зарплата памяншаецца адпаведна). Пасьля гэтага цэх запрацаваў», – напісалі чытачы.

Яны таксама даслалі аўдыёзапіс сходу, які пацьвярджае іх словы.

«Што гэта за норма, якую не выконвае паўцэху? – абуралася на сходзе адна з работніц. – Прадпрыемства інваліднае, людзі працуюць з абмежаванымі магчымасьцямі. Што гэта за норма, што, адпрацаваўшы 20 гадоў на прадпрыемстве, я не магу выканаць? Пакажыце мне чалавека, які зробіць 950 вілак? Мо’ я нешта няправільна раблю – я пагляджу, як ён робіць. Дзе гэта норма, дзе гэты загад? Нам ніхто не паказаў дакумэнтаў».

Прадпрыемства вырабляе электратавары. Гэта праца па сілах інвалідам.

«Хопіць, таварышы, давайце хоць адзін раз пастаім за сябе так, каб яны рот закрылі і зрабілі сваю справу так, як нам гэта трэба! Проста гэта бандыты! З такім заробкам, як яны ўвогуле могуць тут штосьці патрабаваць? Я ніколі не атрымліваў такі маленькі заробак!» – заклікаў адзін з рабочых.

З гэтага і пачаўся страйк.

Каб разабрацца ў сытуацыі, мы патэлефанавалі ў адміністрацыю прадпрыемства. Дырэктар філіялу Раман Пятровіч Чыжык факт працоўнага канфлікту адмаўляе: «Штомесяц мы праводзім плянавы сход у цэху. І ўчора атрымалася тэхнічная памылка пры разьліку. У нас ёсьць норма аплаты працы. Цяпер усё на кампутарах, і вось здарылася памылка пры разьліку. Пытаньне гэтае падымалася, і яго мы вырашылі».

У галаўным прадпрыемстве ў Віцебску пра збой ведалі. У дырэкцыі патлумачылі, што на сходзе ўзьнікла пытаньне наконт заробкаў і яно вырашылася на карысьць работнікаў прадпрыемства.

Работнікі ж з Воршы просяць арганізаваць справу так, каб хоць мінімальны заробак яны маглі зарабіць. «У нас людзі атрымалі 900 тысяч! Я за кватэру заплачу, і на што я буду жыць?» – слушна кажа адна з жанчын. Работнікі папрасілі расказаць пра гэтую сытуацыю, каб яна больш ніколі не паўтарылася, інакш самым неабароненым людзям прыйдзецца галадаць.

Мікіта Недаверкаў

Крыніца: «Наша Ніва»