Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Чэрвень 2021

«Голас народу не быў пачуты». Да стачкі далучыўся яшчэ адзін працаўнік «Нафтану»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Дзяніс Абрамовіч. Фота: vk.com Дзяніс Абрамовіч. Фота: vk.com

17 чэрвеня яшчэ адзін супрацоўнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» далучыўся да бестэрміновай забастоўкі. Заяву пра сыход у стачку напісаў дыспетчар вытворчага аддзелу прадпрыемства 43-гадовы Дзяніс Абрамовіч. Прычына: татальныя парушэнні правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі.

«У сувязі з адсутнасцю пачуцця асабістай бяспекі праз татальныя парушэнні дзяржаўнымі органамі правоў чалавека сыходжу ў стачку… аж да спынення вышэйзгаданых дзеянняў», – напісаў Дзяніс Абрамовіч.

У заяве на імя генеральнага дырэктара «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч зазначыў, што служба бяспекі прадпрыемства чыніць дыскрымінацыйныя дзеянні ў дачыненні да яго калегі і паплечніка па прафсаюзу. Паведамляе, што пасля таго, як ён сам уступіў у незалежны прафсаюз, пачаўся ціск, каб звольніць яго з працы. Абрамовіч звяртае ўвагу кіраўніцтва на тое, што стала нормай не працягваць працоўныя стасункі з супрацоўнікамі прадпрыемства, якія не пабаяліся ўступіць у незалежны прафсаюз.

Працаўнік «Нафтану» спасылаецца ў заяве на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, канстытуцыю РБ, а таксама Працоўны кодэкс.

«У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, адзінай крыніцай улады ў краіне ёсць народ. Народ ажыццяўляе ўладу як непасрэдна, так і праз органы дзяржаўнай улады. Гэта значыць, што толькі народ мае права панаваць», – піша Дзяніс.

«Голас народу 9 жніўня 2020 году не быў пачуты… У сваім штодзённым жыцці я не сустракаў людзей, якія на мінулых выбарах аддалі свой голас у падтрымку Лукашэнкі, хаця іх вынікі сведчылі пра адваротнае. У сувязі з гэтым мяркую, што быў парушаны цэлы шэраг у тым ліку і маіх канстытуцыйных правоў, такіх як права на выбары, права на свабоду думкі, права на масавыя мерапрыемствы», – піша Дзяніс.

Уладзімір Бяляўскі