Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 01 Красавік 2021

«Дзяржаўнае прадпрыемства – тая ж турма». Навапалачанка Вінакурава далучылася да страйку

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алена Вінакурава. Фота: racyja.com Алена Вінакурава. Фота: racyja.com

На наваполацкім «Паліміры» Алена Вінакурава адпрацавала 31 год, у апошні час – кантралёрам якасці ў цэху 604. 29-га сакавіка яна вымушана прапусціла працу: у той дзень яе судзілі за нібыта несанкцыянаваны адзіночны пікет. Але адміністрацыя прадпрыемства не палічыла гэта важкай прычынай – жанчыне паставілі прагул, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Паводле Алены Вінакуравай, думка пра страйк наведала яе ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Жанчына трапіла туды 27 сакавіка, калі з букетам белых і чырвоных ружаў ішла павіншаваць з днём народзінаў сваю дачку Кацярыну. Двое сутак да суду яна правяла ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

«У мяне забралі букет. Тое, што ў дачкі дзень народзінаў, яны праверылі, усё супала. Але быў загад зверху – усіх затрымліваць, да суду. І я двое сутак правяла ў ізалятары. І вось у апошні дзень думаю: «Якое адрозненне для мяне паміж працай і турмой?» І я прыйшла да высновы, што асаблівага адрознення няма. Дзяржаўнае прадпрыемства – гэта тая самая турма», – расказала Алена Вінакурава.

Раней Алена Вінакурава не мела ніякіх адміністрацыйных спагнанняў, жыла звычайным жыццём, як і большасць беларусаў: паміж працай і домам. Жанчына мае ўжо дарослую дачку, якой міліцыя сарвала сямейнае свята. Падчас знаходжання за кратамі Алена Вінакурава, натхніўшыся прыкладам Ігара Лосіка, трымала галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага зняволення.