Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 09 Снежань 2019

Раман Кузьмянкоў, які ладзіў пікет «Па 500 тут няма», атрымаў падзяку ад Мінпрацы

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Раман Кузьмянкоў Раман Кузьмянкоў

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падзякавала аршанцу Раману Кузьмянкову «за актыўную жыцьцёвую пазыцыю» і «выказаныя прапановы па прыцягваньні не занятых у эканоміцы грамадзян у працоўную дзейнасьць». «Гэта ўжо цікава, але эфэкту ня будзе, давядзецца працягваць», – гэтак адрэагаваў Кузьмянкоў на атрыманую падзяку.

Раман Кузьмянкоў, які ў 2018 годзе зладзіў у Воршы гучныя пікеты «Па 500 тут няма», а ў 2019-м спрабаваў спагнаць з «камісіі па дармаедах» 675 тыс. рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, расказаў «Віцебскай Вясьне», за што ж насамрэч яго падзякавала Міністэрства працы.

Паводле ягоных словаў, пасьля пераезду ў Менск ён пачаў мэтадычна дасылаць у Савет Міністраў лісты з прапановамі наконт таго, якім чынам у краіне можна палегчыць жыцьцё «не занятых у эканоміцы».

Прапанаваў увесьці фудшэрынг

Прыкладам, прапаноўваў на дзяржузроўні ўвесьці сыстэму фудшэрынгу – бясплатнай харчовай дапамогі беспрацоўным. Таксама выказаў ідэю выплачваць дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні «мінімалкі» – пры ўмове адпрацоўкі 22 дзён на «грамадзкіх работах». Яшчэ – выдаваць на рукі унёскі ў фонд сацабароны і падатковыя выплаты, каб стымуляваць занятасьць.

«Апроч таго, у зваротах я закранаў пытаньне жытла, бо паводле Белстату палова працоўных не атрымлівае больш за 500 рублёў, а за такія грошы набыць уласнае жытло немагчыма», – кажа Раман Кузьмянкоў.

Сам Раман быў вымушаны прадаць сваю кватэру ў Воршы (толькі пасьля гэтага яго выключылі са сьпісу «дармаедаў»), і пераехаць разам з маці ў Менск, каб знайсьці працу.

Нарэшце на прапановы быў атрыманы адказ зь Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

«Міністэрства дзякуе Вам за актыўную жыцьцёвую пазыцыю, выказаныя прапановы па прыцягненьні не занятых у эканоміцы грамадзян у працоўную дзейнасьць. Адначасна інфармуем, што Вашае меркаваньне было прынятае да ведама і па магчымасьці будзе ўлічанае пры распрацоўцы нарматыўна-прававых дакумэнтаў у накірунках, якія адносяцца да кампэтэнцыі міністэрства», – гаворыцца ў адказе начальніка ўпраўленьня палітыкі занятасьці Мінпрацы Алега Токуна.

«Гэта ўжо цікава, але эфэкту ня будзе… Давядзецца працягваць», – напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Раман Кузьмянкоў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.