Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 28 Студзень 2019

Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сяньне

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў горадзе Сянно, паступова згортваецца. Сырны завод, што належыць дзяржаўнаму прадпрыемству «ВоршаСырЗавод», абяцаюць зачыніць ужо ўвесну. Мясцовыя ўлады тлумачаць, што няма сыравіны для перапрацоўкі. Насамрэч малако ёсьць – аднак у сеньненцаў яго забіраюць.

Працаўнікі сырнага заводу ў Сяньне – у адчаі. Фактычна з пачатку студзеня на прадпрыемстве абвешчаны прастой, а з найбліжэйшага панядзелка – на няпоўны працоўны дзень перавядуць і спэцыялістаў. Працаўнік сырнага заводу:

«З 28-га чысла ўсіх спэцыялістаў перавялі на трохгадзінны працоўны дзень. Астатнія застаюцца ў прастоі. Атрымліваюць 2/3 тарыфнай стаўкі».

З заводу паступова звальняюць людзей. Працаўнікі сырнага заводу:

«Яны скараціць нас ня могуць, паколькі 120 чалавек – гэта будзе масавае скарачэньне. Яны нас вырашылі прыбраць па частках – учора прыехалі, апавясьцілі 20 чалавек пад скарачэньне, за два месяцы нас ужо апавясьцілі. Ну і астатняя партыя, я думаю, гэтак жа сыдзе, як і гэтая».

«Учора вырвалі самы касьцяк заводу – сушылку, апаратны цэх – хіба гэта справядліва? Людзі ўсё жыцьцё аддалі, працавалі на гэтым заводзе. А цяпер ідзі куды? У Расею едзь, дармаедам быць?»

Адміністрацыя прадпрыемства тлумачыць, што скарачэньні выкліканыя адсутнасьцю сыравіны для загрузкі вытворчых магутнасьцяў цэху. Працаўнікі ж заводу ўпэўненыя, што малака ў раёне хапае. Працаўнік сырнага заводу:

«Сыравіна ёсьць, малако ёсьць у раёне, але наша малако адбіраюць іншыя раёны і забіраюць у Лепель, у Віцебск, а нам – ня трэба працаваць».

Пра сваю праблему сеньненцы заяўлялі чыноўнікам усіх узроўняў. Працаўнікі сырнага заводу:

«І нашыя праблемы нікому наогул… Усе адмахваюцца, старшыня райвыканкаму сказаў, што ў яго ад нас адзін галаўны боль, аблвыканкам таксама».

«Мы пісалі лісты, зьвярталіся ў Менск, лісты адпраўлялі і ў Віцебск, і гэта апошняе, куды мы можам зьвярнуцца, – гэта на тэлебачаньне».

Пра лёс сырнага заводу не паклапаціліся ні службоўцы, ні дзяржаўныя прафсаюзы. Ігар Комлік, незалежны прафсаюз РЭП:

«Напэўна, гэтыя людзі ўваходзяць у прафсаюз, які ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў. Тое, што яны засталіся без абароны і зьвяртаюцца ў як бы віртуальную прастору, а не да сваіх прафсаюзных лідэраў, – то гэта паказальны прыклад».

Неафіцыйна работнікам паведамілі, што да траўня цэх закрыецца цалкам. А ў Сяньне дэфіцыт працоўных месцаў, таму людзі не хаваюць абурэньня. Працаўнікі сырнага заводу:

«Вы скарачаеце – добра. Але дайце іншую працу. А яе ніхто не дае. Проста выкідваюць на вуліцу людзей».

«Астатніх жа няма ў нас іншых арганізацыяў, няма куды ісьці. Прапаноўваюць у Янава езьдзіць працаваць на сьпіртзаводзе. Як туды езьдзіць? 51 кілямэтар».

Самі людзі ня змогуць дабрацца да аддаленых месцаў, ня хочуць і пакідаць сем’яў і пераяжджаць у іншае месца дзеля працы. Ігар Комлік, незалежны прафсаюз РЭП:

«Людзей у Сяньне будуць скарачаць, і яны зноў прыйдуць у разрад дармаедаў. У той час, як гаворыцца пра тое, каб займаць іх нейкім чынам, працай. І зноў на іх павесяць тыя недапрацоўкі, якія мае ўлада».

Паколькі сеньненцы ня маюць пэрспэктывы працаўладкавацца ў сваім горадзе – у іх ёсьць адзіная просьба. Працаўніца сырнага заводу:

«Дайце нам працу, вярніце нам малако, мы будзем са сваім старым абсталяваньнем працаваць як можна, але толькі каб у нас была праца».

Ганна Мордань, belsat.eu