Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Студзень 2018

Леанід Шур: як палепшыць умовы дзейнасьці прадпрымальнікаў у 2018 годзе?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Дырэктар Віцебскага бізнэс-цэнтру Леанід Шур Дырэктар Віцебскага бізнэс-цэнтру Леанід Шур

Дырэктар Віцебскага бізнэс-цэнтру Леанід Шур прапануе ў сваім допісе ўвесьці падатковыя канікулы для прадпрымальнікаў-навічкоў, замяніць чыноўнікаў на бясплатныя чат-боты – для зручнасьці інвэстараў, і зрабіць ангельскую мову трэцяй дзяржаўнай мовай. Ці пацяплее бізнэс-клімат на Віцебшчыне і ва ўсёй Беларусі ў 2018 годзе?

Нарматыўныя рашэньні, прынятыя ў 2017 годзе, якія меліся садзейнічаць паляпшэньню дзелавога клімату ў краіне, Леанід Шур называе, “неабходнымі актамі дабра”. Кіраўнік цэнтру папярэджвае, што не ацэньвае перавагі і пэрспэктывы падпісаных дакумэнтаў, а гаворыць аб тым, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб удасканаліць умовы для дзейнасьці асноўных гульцоў.

Мэнтарская дапамога і падатковыя вакацыі для навічкоў  

Навічкам і стартапэрам патрэбная мэнтарская дапамога, а не платныя паслугі, упэўнены Шур.

“Колькасьць створаных суб’ектаў гаспадараньня ў апошнія гады зьніжаецца, а колькасьць ліквідаваных – расьце. Але канікулы па падатках на час запуску сваёй справы, як гэта робіцца шмат у якіх разьвітых краінах, у нас адсутнічаюць”, – піша Леанід Шур.

“Каб беларусы сталі стартап-нацыяй, карыстайцеся з дзейснага замежнага досьведу. Ня варта ствараць айчынныя “ровары”, – дае параду.

Плян па зборы штрафаў з бізнэсмэнаў не скасаваны

Кажучы пра дзеючых бізнэсмэнаў, Шур заўважае, што дзяржава пакуль што не плянуе зьмяншэньня падаткаў на нерухомасьць і зямлю, не зьбіраецца адмяняць “немэтазгодныя падаткі на прыбытак” ці ўзяцца за аптымізацыю адлічэньняў у фонд сацабароны.

“Амністый па падатках, капіталам і пакараньням не плянуецца. Права на памылку, пра якое шмат гаварылася на нядаўнім Усясьветным тыдні прадпрымальніцтва, ня ўведзенае. Плян па зборы штрафаў у бюджэт, як і паняцьце “ілжэпрадпрымальнік”, не адмененыя”, – канстатуе дырэктар бізнэс-цэнтру.

Нагадаў таксама, што ў той жа час Дэкрэт №7 падвысіў адказнасьць за парушэньне да 200 базавых велічынь.  

Бясплатныя чат-боты замест чыноўнікаў – для інвэстара

“Замежнаму інвэстару патрэбная электронная дзяржава з бясплатнымі чат-ботамі замест чыноўнікаў, якія марудна і суб’ектыўна разглядаюць пытаньні мэтазгоднасьці інвэстыцыяў і дадатковай сацыяльнай нагрузкі”, – упэўнены Леанід Шур.

“Інвэстар хоча працаваць у рыначнай эканоміцы з мінімальным адміністрацыйным умяшаньнем, а ў нашай краіне хочуць вярнуць абгрунтаваньне коштаў. Ён укладае грошы з разьлікам на прыбытак, а значыцца, мае патрэбу ў скасаваньні абмежаваньняў з фондавага рынку. Ён мае намер зразумець, што тут адбываецца, а значыцца, заканадаўства трэба яшчэ хутчэй даводзіць да міжнародных стандартаў (…) і перакладаць на ангельскую мову, якая мусіць стаць трэцяй дзяржаўнай”, – піша бізнэсмэн.

У Савеце па разьвіцьці прадпрымальніцтва – усяго адзін прадпрымальнік…

Гаворачы пра цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, Леанід Шур зазначае, што за апошнія два гады віцебскі Цэнтар не атрымаў аніводнае капейкі ад дзяржавы на разьвіцьцё стартап-руху, на правядзеньне кансультацый, адукацыйных праектаў і г.д.

“То бок якую падтрымку ад нас могуць атрымаць вышэйзгаданыя катэгорыі? Калектыў Віцебскага бізнэс-цэнтру робіць усё, што магчыма, за свой кошт, але наш подзьвіг ніхто не ацэніць. Таму без дзяржаўна-прыватнага партнэрства, адзінства слова і справы спадзявацца на бурны ўздым прыватнага сэктару не выпадае”, – падсумоўвае Шур.

Канстатуе таксама, што, паводле Указу № 370 (“Аб Савеце па разьвіцьці прадпрымальніцтва”) у кожнай з шасьці абласьцей Беларусі створаныя Саветы па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры аблвыканкамах. Дык вось: на Віцебшчыне сябрам гэтага Савету зьяўляецца на сёньня… адзін прадпрымальнік. Хаця згодна з нормамі Указу ў Савет мусіць уваходзіць 50-80% ад іх агульнай колькасьці…

Зьміцер Міраш