Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 23 Кастрычнік 2017

Ад прадпрымальнікаў Браслава масава вымагаюць грошы за «суботнік»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра тое, што дзяржаўныя прадпрыемствы, а таксама прадпрымальнікаў чарговы раз папрасілі перавесьці грошы нібыта на раённы суботнік і добраўпарадкаваньне тэрыторыі, паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на ўласную крыніцу.

У рэдакцыю перадалі лісты з гэтымі просьбамі, зь якіх становіцца ясна, што ў зьбіраньні сродкаў задзейнічана асноўная артылерыя райвыканкаму, а фіксаванай сумы для працаўнікоў эканамічнай сфэры няма: кагосьці просяць пералічыць на рахунак палову базавай велічыні (11,5 рублёў), іншым рэкамэндуецца перавесьці 35 рублёў, а некаторым – наогул 200.

Сам суботнік адбыўся 7 кастрычніка, але грошы за яго просяць пералічваць ажно да 30 кастрычніка.

«Вядома, такія паборы характэрныя для нашай дзяржавы і адбываюцца не ўпершыню, але ў Браславе сёлета яны прынялі асаблівы размах: чыноўнікі асабіста кантралююць гэты працэс, а калі грошы не паступаюць, ці сума аказваецца меншай, чым «папрасілі», прадпрымальнікам ператэлефаноўваюць і просяць пісаць афіцыйнае тлумачэньне. Прычым ніхто ня ўлічвае эканамічнага стану асобных людзей: так, у майго сябра хварэе дзіця, і лішніх грошаў у сям’і ня водзіцца. А куды гэтыя сродкі пасьля ідуць дакладна – даведацца амаль немагчыма», – абураецца браслаўчанін.

Мясцовы аддзел эканомікі ня лічыць, што вышэйназваныя сумы могуць быць праблемай для прадпрымальнікаў:

«Вы сапраўды лічыце, што гэтыя грошы – праблема для прадпрымальнікаў, для тых людзей, у каго ёсьць стабільны даход? Трэба разумець, што дзяржаўнае фінансаваньне для разьвіцьця інфраструктуры гарадоў цяпер мінімальнае, а сабраныя сродкі пойдуць на карысьць іх жа раёну», – дала камэнтар начальніца аддзелу эканомікі Браслаўскага райвыканкаму Алена Дранеўская.

Падтрымлівае яе і начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Максім Чагарын, ставячы ў прыклад сябе: «Я сам здаў грошы на суботнік. Калі мы хочам, каб наш горад стаў прыгажэйшым і каб хаця б крышачку разьвіваўся, трэба прымаць гэткія меры».

Некаторыя зьвязваюць такую звышактыўнасьць па пошуку дадатковых сродкаў з тым, што ў 2019 годзе ў Браславе заплянавалі правядзеньне абласных «Дажынак». Гэта значыць, што наступны год будзе падрыхтоўчым, і сродкі на правядзеньне раёну ў парадак трэба шукаць апэратыўна. Аднак згодна з заканадаўствам, ніхто ня можа прымусіць беларусаў ні працаваць бязь іх згоды, ні здаваць грошы на суботнікі: усё гэта павінна адбывацца на добраахвотнай аснове.

Кацярына Карпіцкая, nn.by