Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 16 Май 2017

На Аршанскім ільнокамбінаце новая хваля крызысу?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як стала вядома ад некалькіх рабочых Аршанскага льнокамбінату, якія пажадалі застацца ананімнымі, баючыся звальненьняў ад начальства, на прадпрыемстве зноў паўсталі праблемы. Некалькі цэхаў спынілі працу праз адсутнасьць сыравіны – лёну. У выніку ў шэрагу людзей была скарочаная колькасьць працоўных дзён, а, адпаведна, і заробкі.

Наколькі доўга гэта працягнецца, сказаць складана. Яшчэ нядаўна камбінат ня проста падаваў прыкметы жыцьця, але і актыўна падпісваў кантракты, як, напрыклад, з прадстаўнікамі індыйскага рынку. А таксама на вуліцы Савецкай рыхтуецца адкрыцьцё “Дома лёну”. Але сытуацыя не выглядае бясхмарна. Рабочыя баяцца, што заробкі скараціліся не часова, а летам іх могуць папрасіць сысьці ў адпачынак за свой кошт.

У мінулыя месяцы рабочыя наракалі таксама на цяжкія ўмовы працы. На самім Аршанскім ільнокамбінаце ніяк не камэнтуюць сытуацыю. Атрымліваецца замкнёнае кола, праўду ў якім знайсьці складана. На афіцыйных прыёмах, падпісаньні кантрактаў кіраўнікі камбінату распавядаюць пра велізарныя пэрспэктывы прадпрыемства; шэраг рабочых ільнокамбінату кажуць пра тое, што ніякіх пэрспэктываў якраз няма. Знайсьці праўду досыць складана ва ўмовах, калі праца многіх заводаў, фабрык, камбінатаў агорнутая таямніцамі.

orsha.eu