Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 23 Красавік 2017

Пракуратура праверыць правамернасьць ператрусу ў офісе прафсаюзу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Абласная пракуратура арганізуе праверку дзейнасьці супрацоўнікаў полацкай міліцыі, якія ўчынілі ператрус у офісе Свабоднага прафсаюзу рабочых заводу «Полацак-Шкловалакно». Адпаведнае даручэньне накіраваў у Віцебск намесьнік начальніка па наглядзе за органамі дазнаньня Генэральнай пракуратуры Аляксей Каўзуновіч.

Пасьля ператрусу 24 сакавіка ў офісе Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), рабочыя накіравалі скаргу ў Генэральную пракуратуру. Ператрус у офісе прафсаюзу быў санкцыянаваны пракурорам Полацкага раёну Трашко Сяргеем Аляксандравічам на падставе паказаньняў нявысьветленай асобы пра магчымую наяўнасьць у офісе прадметаў, зьвязаных са злачынствам. У выніку ператрусу ў офісе прафсаюзу «нічога ня знойдзена», як адзначана ў пратаколе.

Рабочыя заводу ААТ «Полацак-Шкловалакно», якія належаць да свабоднага прафсаюзу, запатрабавалі ад праваахоўных органаў дзяржавы:
«зрабіць захады для недапушчэньня парушэньня правоў працоўных у выглядзе перашкоды законнаму ажыцьцяўленьню дзейнасьці прафсаюзу;
правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці асобу, што дала заведама ілжывыя паказаньні, якія прывялі да перашкаджэньня законнаму ажыцьцяўленьню дзейнасьці Свабоднага прафсаюзу Беларускага».

Намесьнік начальніка ўпраўленьня па наглядзе за выкананьнем законаў у дзейнасьці органаў дазнаньня Генэральнай пракуратуры Беларусі Аляксей Аляксандравіч Каўзуновіч перанакіраваў скаргу рабочых намесьніку пракурора Віцебскай вобласьці старшаму дарадцу юстыцыі Ўладзімеру Гуку:
«Накіроўваецца для арганізацыі разгляду ў адпаведнасьці з кампэтэнцыяй скарга... на дзеяньні і рашэньні супрацоўнікаў АКВ КМ Полацкага РАУС Тарасава С.С. і Сізова А.А., якія праводзілі 24.03.2017 ператрус у офісным памяшканьні № 13, разьмешчаным у д.З па вул. Усьпенскай у г. Полацку, і інш. пытаньнях. Аб прынятым рашэньні просьба паведаміць заяўніку...»

Намесьнік старшыні СПБ Шарах Мікола: «Рабочыя хочуць атрымаць адказ наконт правамернасьці дзеяньняў міліцыі, якія ініцыявалі ператрус у офісе прафсаюзу, што перашкаджала прафсаюзнай рабоце. Мы будзем настойваць, каб да адказнасьці прыцягнулі асобаў, на падставе заведама фальшывых паказаньняў якіх быў праведзены ператрус у прафсаюзным офісе. Тое, што паказаньні фальшывыя, пацьвярджаецца вынікам ператрусу: нічога незаконнага ня знойдзена».

Аляксандар Марозаў