Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 13 Лістапад 2016

Свабодны прафсаюз змагаецца супраць прымусовай працы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Полацкім раёне 12 лістапада адбыўся чарговы суботнік. Мясцовыя ўлады абавязалі прадпрыемствы правесьці яго зь пералічэньнем заробленага на рахунак КУП «ЖКГ г. Полацку». Напярэдадні мерапрыемства Свабодны прафсаюз, які дзейнічае на ААТ «Полацак-Шкловалакно», зьвярнуўся ў райвыканкам з заявай пра недапушчэньне прымусовай працы падчас правядзеньня суботнікаў.

У распараджэньні Полацкага райвыканкаму № 297р ад 24.10.2016 сказана, што суботнікі ладзяцца «ў мэтах прывядзеньня ў належны санітарны стан г. Полацку і іншых населеных пунктаў Полацкага раёну, тэрыторыяў арганізацыяў вытворчай і сацыяльнай сфэры, у межах мерапрыемстваў па падрыхтоўцы Полацкага раёну да зімовага пэрыяду». Грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку, павінны быць пералічаныя на рахунак КУП «ЖКГ г. Полацку».

НА ДОБРААХВОТНАЙ АСНОВЕ

У мэтах выкананьня распараджэньня райвыканкаму генэральны дырэктар ААТ «Полацак-Шкловалакно» Андрэй Бунакоў выдаў загад ад 03.11.2016 №914 «Аб правядзеньні суботніку». У ім наказваецца: «1. Правесьці 12.11.2016 на добраахвотнай аснове ў Таварыстве агульнараённы суботнік (далей суботнік) на працоўных месцах... 3.3. Вызначыць памеры грашовых сродкаў для пералічэньня работнікамі на добраахвотнай аснове...»

РЭАКЦЫЯ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ

Працаўнікі заводу «Шкловалакно» паскардзіліся 9 лістапада ў Свабодны прафсаюз пра прымус іх да бясплатнай працы. Актывісты прафсаюзу апэратыўна вывучылі сытуацыю і ў той самы дзень прынялі рашэньне зьвярнуцца ў райвыканкам з заявай.

У заяве прафсаюз просіць мясцовыя ўлады «...правесьці мерапрыемствы дзеля недапушчэньня прымусовай працы падчас суботніку. Наяўнасьць у загадзе дырэктара пра суботнік слоў «на добраахвотнай аснове» не зьяўляецца дастатковым для стрыманьня дзеяньняў службовых асоб па прымусе да працы рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно». Просім паведаміць пра гэтыя мерапрыемствы нашаму прафсаюзу».

Таксама прафсаюз папрасіў райвыканкам адказаць на пытаньні працоўных: Якім чынам дзяржаўныя органы ўлады забясьпечаць адсутнасьць фактаў прымусу да працы рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно»? Якія дзяржаўныя арганізацыі будуць разглядаць скаргі рабочых на прымусовую працу ў межах рэалізацыі распараджэньня Полацкага райвыканкаму?

ПАДМАНЛІВА-ДОБРААХВОТНЫЯ «АХВЯРАВАНЬНІ»

Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі заводу «Шкловалакно» Андрэй Кузьмін адмовіўся паведаміць старшыню прафсаюзу, якую суму ён вызначыў для пералічэньня за суботнік. Загадам дырэктара Андрэя Бунакова менавіта ідэолягу даручана вызначыць суму «добраахвотных» ахвяраваньняў ад рабочых.

Прафсаюзныя актывісты кажуць, што адміністрацыя заводу не кансультавалася з прафсаюзам падчас арганізацыі суботніку наконт прыцягненьня сябраў прафсаюзу да бясплатных грамадзкіх работ. А ў Полацкім райвыканкаме начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу Аляксей Фамін адмовіўся даць копію распараджэньня райвыканкаму наконт суботнікаў.

Намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах: «Мы кваліфікуем такія загады дырэктара як прымусовую працу. Наступствы адмовы ад суботніка для работнікаў, сябраў нашага прафсаюзу, такія, што пагаршаюцца іх стасункі з кіраўніцтвам. Як вынік, працаўніка пазбаўляюць прэміяльных і розных бонусаў, у яго ўзьнікае страх страты працы – рабочых застрашваюць непадаўжэньнем кантрактаў. Такая форма арганізацыі суботнікаў толькі фармальна носіць добраахвотны характар. Колькасьць ахвяраваных грошай працоўнымі зацьвярджаецца кіраўніцтвам прадпрыемства, грошы вылічваюцца бухгальтэрыяй, а работнікі толькі расьпісваюцца ў ведамасьцях, і тое не заўсёды».

Зыходзячы з загаду дырэктара, можна меркаваць, што будзе пералічаны сярэдні заробак з кожнага работніка. Тых, хто адмаўляецца бясплатна працаваць, як правіла, не знаходзіцца, ды звычайна нікога і не пытаюцца. Такім чынам, пры сярэдняй месячнай зарплаце па заводзе 770 беларускіх рублёў і колькасьці каля 4 000 працаўнікоў, ЖКГ за дзень атрымаў больш за 60 000 даляраў. І гэта толькі ад аднаго прадпрыемства.

Аляксандар Марозаў