Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Чэрвень 2013

Прадпрымальнікі Віцебску рыхтуюцца да чарговага страйку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскія прадпрымальнікі 1 ліпеня гатовыя спыніць працу і выплату падаткаў. Пра гэта заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч. Паводле яе слоў, у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі ад імя індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца пра немагчымасьць працаваць ва ўмовах тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу “Пра бясьпеку прадукцыі лёгкай прамысловасьці”. Ён набудзе моц 1 ліпеня.

Нагадаем, што 6 чэрвеня з ініцыятывы Яскевіч прайшоў аднадзённы страйк на шэрагу рынкаў і гандлёвых цэнтраў Віцебску. Паводле слоў актывісткі, прадпрымальнікі ня могуць з партыямі тавару ў 5-10 адзінак несьці эканамічную нагрузку за сэртыфікацыю ў амаль 2 мільёны рублёў. Гэта прывядзе да вымываньня таннага тавару, разьвяжа рукі манапалістам, таму што канкурэнцыі ня будзе, заяўляе Яскевіч.

Страйкі віцебскіх прадпрымальнікаў гатовыя падтрымаць іх калегі ў іншых гарадох. Пра гэта было заяўлена на сходзе прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх аб’яднаньняў зь Менску, Маладзечна, Берасьця, Гомеля, Віцебску і Магілёву. Ён адбыўся 10 чэрвеня ў сталіцы. Прадпрымальнікі гатовыя сысьці ў вымушаныя адпачынкі, а таксама спыніць выплату падаткаў.

Крыніца: Эўрарадыё