Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 05 Студзень 2014

У Гарадку зачынілі рынак

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ад пачатку 2014 году не працуе рынак у Гарадку. Прыватныя прадпрымальнікі засталіся без працы. Гарадоцкі райспажыўсаюз не заключае дамоваў на працу на рынку па вул. Спартыўнай, а Гарадоцкая падатковая інспэкцыя не бярэ ад прыватнікаў адзінага падатаку.

Сьвяточны настрой гарадоцкіх прадпрымальнікаў скончыўся раніцай 3 студзеня. Прадстаўнікі прадпрымальнікаў наведалі старшыню Гарадоцкага райспажыўсаюзу Натальлю Палюховіч, але яна ніякім чынам ня вырашыла пытаньне з працай рынку ў Гарадку. Праўда, паабяцала заключыць дамовы на гандлёвыя месцы на рынку па вул. Спартыўнай. Пры гэтым кіраўніца казала пра часовы рынак і тое, што там ўсё ёсьць. Быццам бы ў заканадаўстве ёсьць такое паняцьце як часовы рынак і на рынак райспажыўсаюзу не распаўсюджваецца беларускае заканадаўства.

Але 4 студзеня прадпрымальнікі ніякіх дамоваў на працу на рынку не атрымалі. Кіраўніцтву Гарадоцкага райспажыўсаюзу не хапіла больш як пяці месяцаў, каб падрыхтаваць рынак у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам для працы прадпрымальнікаў.

Адначасова з гэтым Гарадоцкая падатковая інспэкцыя адмаўляецца прымаць адзіны падатак ад прадпрымальнікаў, якія працуюць на рынку. Вядома, гэтыя падаткі асабліва нічога не вырышаюць у дзіравым бюджэце раёну, які трымаецца на датацыях. Але дзіўна, што падатковая інспэкцыя не зацікаўленая ў атрыманьні сродкаў у бюджэт.

На сёняшні дзень усе ралеты прадпрымальнікаў зачыненыя. І няма ніякага адказу на пытаньні: калі і дзе будуць працаваць гандляры. Пры гэтым па ўсім бачна, што ніякай адказнасьці Гарадоцкі райпажыўсаюз не нясе за пазбаўленьне працы каля сотні прадпрымальнікаў, а іх сем’яў сродкаў існаваньня. Дарэчы, як і кіраўніцтва Гарадоцкага райвыканкаму, якое не рабіла ніякіх захадаў, каб райспажыўсаюз дабраўпарадкаваў рынак па вул. Спартыўнай у адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам. Ды і ўводзіла ў зман кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкаму аб гатоўнасьці рынку па вул. Спартыўнай.

Такім чынам, Год гасьціннасьці ў Гарадку распачаўся тым, што рынак “гасьцінна” не працуе.

Крыніца: Гарадок.інфо