Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 13 Чэрвень 2021

Змены ў адміністрацыйным кодэксе павялічаць нагрузку на камісіі ў справах няпоўнагадовых

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

З 1 сакавіка 2021 году ўступіў у сілу новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), у якім істотна змянілася адказнасць за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, а таксама адказнасць для няпоўнагадовых і іх бацькоў.

Цяжка знайсці доступ да агульнай статыстыкі па Віцебскай вобласці аб парушэнні адміністрацыйнага заканадаўства падлеткамі ў 2020-2021 гадах. Аднак на прыкладзе Гарадоцкага раёну яна можа выглядаць наступным чынам. Летась камісіяй ў справах няпоўнагадовых Гарадоцкага райвыканкамау было разгледжана 60 справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, з іх 41 - у дачыненні да падлеткаў, 19 - да іх бацькоў. Па рашэнні камісіі былі накладзеныя адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафу ў дачыненні да 24 падлеткаў і 4 бацькоў на суму 4 878,8 рублёў.

У студзені-лютым 2021 году ў камісію па справах непаўналетніх Гарадоцкага райвыканкаму паступіла ўжо 19 справаў у дачыненні да падлеткаў, з іх 6 - за распіванне спіртовых напояў, 3 - за дробны крадзеж, 9 - за парушэнне правілаў дарожнага руху, 1 - за абразу.

На люты гэтага года 37 дзяцей з 22 сем'яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шасцярым дзецям часова дадзенае дзяржаўнае забеспячэнне ў сувязі з адабраннем iх у бацькоў.

Супастаўляючы дадзеныя, робім выснову, што ў 2021 годзе ў Гарадоцкім раёне правапарушэнняў сярод моладзі будзе прынамсі менш, чым у 2020-м.

Колькасць правапарушэнняў, учыненых падлеткамі, павялічыцца

Адзначым, што змены ў КаАП будуць толькі "спрыяць" росту правапарушэнняў, учыненых падлеткамі.

Гэтак, узрост прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці - 16 гадоў. Але за дробнае хуліганства, абразу, пашкоджанне чужой маёмасці ды іншыя правапарушэнні, пералічаныя ў арт. 4.2 КаАП, няпоўнагадовы можа быць прыцягнуты да адказнасці ад 14 гадоў.

У адпаведнасці з арт. 24.23 КаАП, на непаўналетніх, якія парушылі ўстаноўлены парадак правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, а таксама за публічныя заклікі да іх арганізацыі або правядзення, можа быць накладзены штраф у памеры да 100 базавых велічынь. За такое ж паўторнае правапарушэнне санкцыя ч.3 арт. 24.23 КаАП прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 20 да 200 базавых велічынь.

Калі няпоўнагадовы не дасягнуў ўзросту 16 гадоў, то адказнасць будуць несці бацькі. У прыватнасці, бацькі або асобы, якiя iх замяняюць, у выпадку здзяйснення непаўналетнім дзеянняў, якія маюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства, але не дасягнулі да часу здзяйснення такога дзеяння ўзросту, ад якога настае адміністрацыйная або крымінальная адказнасць, падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 10.3 КаАП. Санкцыя гэтага артыкулу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 10 базавых велічынь.

Артыкулам 19.4 КаАП прадугледжаная адказнасць для паўналетніх асоб за ўцягванне непаўналетняга ва ўдзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсці, дэманстрацыі, пікетаванні, іншым масавым мерапрыемстве, якія праводзяцца з парушэннем устаноўленага парадку. За гэта правапарушэнне на дарослых можа быць накладзены штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь.

У выпадку знаходжання непаўналетняга ва ўзросце да 16 гадоў з 23 гадзін да 6-й раніцы па-за жыллём, бацькі або асобы, якiя iх замяняюць, падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці па ч.2 ст.10.3 КаАП за несуправаджэнне непаўналетняга ў цёмны час сутак.

Акрамя таго, у выпадку ўчынення непаўналетнім дзеяння, якое мае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, але не дасягнулі ўзросту адміністрацыйнай адказнасці, з ім і яго бацькамі згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 года «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх" будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Калі ўлічваць усе нюансы зменаў адміністрацыйнага законадаўства, няма ніякіх сумненняў, што новы КаАП дадасць шмат працы камісіям у справах няпоўнагадовых.

Падрыхтаваў Лявон Яфрэменка