Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 27 Лістапад 2018

Аддзелы адукацыі Віцебску кінуліся закупляць лыжы ды канькі – пасьля праверкі пракуратуры

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Пракуратура гораду Віцебску правяла ў верасьні праверку і прыйшла да высновы, што большасьць гарадзкіх школ не забясьпечаныя лыжамі і адпаведнай экіпіроўкай. Аддзелы адукацыі кінуліся выпраўляць недахопы. У школы Першамайскага раёну Віцебску набываюць лыжаў ды канькоў на 270 тыс. рублёў.

Тэндэр на закупку спартовага інвэнтару быў аб’яўлены 9 лістапада. Аддзел адукацыі Першамайскага раёну Віцебску выставіў на аўкцыён 5 лотаў. Мяркуе купіць 1533 пар лыжаў (кошт 92000 руб.), столькі ж пар лыжных палак (31000 руб.),  мацаваньняў (22000 руб.) і лыжных чаравікаў (86000 руб.), а таксама 642 пары хакейных канькоў (40000 руб.). Агулам – на 271 тыс. рублёў.

Таргі прызначаныя на 6 сьнежня. Тэрмін пастаўкі – ад 21-га да 26-га сьнежня.

У паведамленьні пракуратуры Віцебску, апублікаваным на сайце Віцебскага гарвыканкаму, гаворка ішла пра “частку спартовага інвэнтару”, які знаходзіўся на момант праверкі ў непрыдатным для выкарыстаньня стане.

“Чаравікі зношаныя, парваныя, лыжы паламаныя, адсутнічаюць лыжныя мацаваньні”, – паведамляла пракуратура.

Такія парушэньні былі зафіксаваныя, у прыватнасьці, у сярэдніх школах Віцебску №№ 45, 43, 28,17,16, 9, 7, а таксама ў гімназіі №7 ды іншых установах.

“Поруч з разьбітай лыжнай экіпіроўкай, непрыдатнымі для заняткаў аказалася частка іншага спартовага абсталяваньня: мячы, баскетбольныя шчыты, маты, сеткі. Такія парушэньні былі выяўленыя практычна ва ўсіх навучальных установах гораду” – адзначалася ў выніках пракурорскай праверкі.

Паводле афіцыйных зьвестак, ад 1 верасьня 2018 году ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі Першамайскага раёну Віцебску навучаюцца 18 тыс. 738 дзяцей.

Зьміцер Міраш