Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Жнівень 2018

У Полацку прайшоў хрысьціянскі летнік для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ужо дзявяты год запар летнік для дзяцей з асаблівасьцямі псыха-фізычнага разьвіцьця ладзяць у Полацку прадстаўнікі Хрысьціянскага валянтэрскага руху сьв. Мікалая. З 13 па 19 жніўня два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыехалі ў асноўным зь Віцебску, удзельнічалі ў розных гульнях, конкурсах і віктарынах, а таксама ў супольнай малітве. Летнік праходзіў на ўскраіне гораду ў прыватнай хаце пры Беларускай грэка-каталіцкай царкве.

Распавядае айцец Аляксандар Шыбека: «Хрысьціянскае валянтэрскае аб'яднаньне сьвятога Мікалая кожны год у канцы лета арганізуе ў Полацку летнік для дзяцей з інваліднасьцю зь Віцебску. Валянтэры дапамагаюць дзецям у паўсядзённых клопатах, і разам з гульнямі дзеці спасьцігаюць хрысьціянскую навуку, удзельнічаюць у сумесных малітвах. У наступным годзе ў нас будзе ўжо юбілейны дзясяты летнік».

Падчас летніка для дзяцей была праведзеная традыцыйная экскурсія па старажытным Полацку, яны пабывалі ў Полацкім Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры, наведалі Сафійскі сабор. Полацкі конны клюб бясплатна даў пакатацца на конях. У адзін зь вечароў каля вогнішча дзеці з валянтэрамі самі арганізавалі канцэрт уласных талентаў, а зь Менску прыяжджалі артысты з канцэртам. Штораніцы ў нанова пабудаванай царкве сьвятой Параскевы Полацкай праходзіла Боская літургія з удзелам дзяцей і валянтэраў.

Сёлета да арганізацыі мерапрыемстваў летніка далучылася Полацкая філія Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябры БАЖ падарылі дзецям наборы паперы для творчых заняткаў ды правялі віктарыну па гісторыі старажытнага Полацку з салодкімі прызамі.

Паводле сьведчаньня арганізатараў летніка, віцебскія дзеці з інваліднасьцю кожны год зь нецярпеньнем чакаюць магчымасьці наведаць Полацак. Нават здараецца, што адмаўляюцца ад паездкі ў санаторый на карысьць летніка.


Падчас літургіі


Падарунак ад БАЖ


Віктарына БАЖ


Ля вогнішча

Аляксандар Марозаў