Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 12 Верасень 2017

“Нарэшце дайшло!..” Віцебскія школы вяртаюцца да пачатку заняткаў з 8:00

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некаторыя школы ў Віцебску вяртаюцца да больш прыдатнага і звычнага рэжыму працы. Пачынаюць заняткі а 8-й альбо а 8:15 раніцы. Ад 12 верасьня на леташні расклад пераходзяць, напрыклад, СШ №14 ды гімназія №5 гораду Віцебску. З 1-га верасьня заняткі ў гэтых навучальных ўстановах пачыналіся з 9:00.

Перавесьці стрэлкі на гадзіну назад школьная адміністрацыя была вымушаныя пад націскам незадаволеных бацькоў вучняў. Многія зь іх проста фізычна не маглі завесьці сваіх дзяцей – вучняў малодшых клясаў – у школу ў 9:00, бо ўжо з 8-й павінны былі працаваць. Даводзілася прыводзіць а 7:30 і пакідаць у “прадлёнцы”. Школьны дзень для малодшых вучняў падаўжаўся, такім чынам, больш чым на гадзіну. Нелягічна, нязручна і цяжка.

 Далі задні ход

Новаўвядзеньні выклікалі шквал скаргаў з боку бацькоў, і кіраўніцтва некаторых школаў вымушанае было даць задні ход.

Паказальная гісторыя адбылася ў СШ №14. Тут яшчэ напрыканцы жніўня падчас бацькоўскіх сходаў паведамілі, што заняткі будуць пачынацца а 8:15. І толькі ў Дзень ведаў бацькі малодшых школьнікаў даведаліся, што першыя ўрокі будуць пачынацца а 9-й (а ў другую зьмену – аж з 14:45).

Абураныя бацькі напісалі калектыўны зварот у раённы аддзел адукацыі з просьбай аб пераносе пачатку заняткаў на 8 гадзін раніцы. Пад зваротам падпісалася каля 70 чалавек. Акрамя таго, 9 верасьня бацькі дазваніліся на “гарачую лінію”, якую праводзіў намесьнік старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. У выніку ў панядзелак 11 верасьня ў школе абвесьцілі, што з наступнага дня заняткі будуць пачынацца а 8-й раніцы (і з 14:00 – другая зьмена). Пра гэта паведаміў на віцебскім форуме ditenok.com адзін з ініцыятараў звароту.

Стала таксама вядома, што з 12 верасьня перайшла на пачатак заняткаў з 8:15 раніцы і гімназія №5.

 "Калі будзем маўчаць..."   

“Дык атрымліваецца, што амаль усе школы ў горадзе адмовіліся ад пачатку ўрокаў а 9 гадзіне?.. Нарэшце дайшло да іх!” – камэнтуе навіну адзін з карыстальнікаў форуму.

“Калі будзем маўчаць, то так і будуць працягвацца парушэньні”, - піша фарумчанін Bambr.

Нагадаем, што ідэю пачынаць ўрокі ў школах на гадзіну пазьней упершыню агучыў яшчэ ў кастрычніку 2016 году Аляксандр Лукашэнка. Матываваў гэта тым, што дзеці пасьпяць на гадзіну больш. Пазьней, у красавіку 2017-га, Лукашэнка зноў закрануў тэму пачатку заняткаў, спасылаючыся на свайго сына Мікалая, нібыта той сьпіць на ўроках. Беларускія інтэрнаўты на гэты конт тады шмат жартавалі, пакуль не зразумелі, што ўсё ўсур’ёз. Цяпер бацкам вучняў даводзіцца змагацца за нармальны рэжым.

Удакладнім, што, згодна з інструкцыямі Мінадукацыі, “рашэньне аб пачатку заняткаў прымае кіраўнік навучальнай установы з улікам спэцыфікі навучальнай установы”. Але пачатак заняткаў а 9-й раніцы, як мяркуюць у Мінадукацыі, зьяўляецца аптымальным. У адпаведнасьці з санітарнымі нормамі і правіламі вучэбныя заняткі маюць пачынацца не раней за 8-ю раніцы ў першую зьмену і не пазьней за 14-ю – у другую зьмену.