Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 01 Верасень 2016

Летняе аздараўленьне дзяцей па-аршанску: спэцыфічныя пахі, суседзтва з начным клюбам, пэдыкулёз…

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Завяршылася лета, і распачынаецца новы навучальны год. Але не ва ўсіх дзяцей, якія прайшлі праз сыстэму аздараўленчых лягераў гэтым летам, успаміны пра вакацыі будуць радаснымі...

Грамадзянская кампанія «Наш дом» зьвярнула ўвагу на нездавальняючыя ўмовы летняга аздараўленьня дзяцей-сіротаў і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, у Воршы.

Паводле інфармацыі «Нашага дому», цягам доўгага часу дзеці названай катэгорыі не накіроўваліся ў летнікі і санаторыі наогул, нягледзячы на тое, што яны маюць права два разы на год праходзіць аздараўленьне за кошт бюджэтных сродкаў.

Прыёмныя бацькі і апекуны неаднаразова зьвярталіся да ўладаў Воршы з просьбай вырашыць гэтую праблему. У выніку летам 2012 году быў арганізаваны летнік «Зорны» ў межах турыстычна-аздараўленчага комплексу «Ворша». Дзяцей разьмясьцілі ў драўляным корпусе-бараку з маленькімі пакоямі і старой мэбляй. Побач на тэрыторыі комплексу знаходзіўся начны клюб «Баба-Яга», адзін з самых папулярных у Воршы.

У 2013 годзе дзіцячы летнік арганізавалі ўжо ў іншым месцы – у мястэчку-спадарожніку Болбасава. Для гэтых мэтаў выкарысталі будынак мясцовай школы. У клясных пакоях абсталявалі спальні.

Аднак нягледзячы на тое, што гэтым разам для летніка выбралі лепшы па стане цагляны будынак, умовы разьмяшчэньня дзяцей лепшымі ня сталі. Па суседзтве зь дзіцячым летнікам замест начнога клюбу разьмясьціліся гаражы і лесапілка. На паверсе школы, дзе арганізавалі летнік, мясьціўся жывы куток, што адчувалася па паху... мачы. Верагодна, летам жывёлаў даглядалі непастаянна. Спэцыфічны пах у летніку адсутнічаў толькі ў дні, афіцыйна прызначаныя для наведваньняў. 

У далейшым мясцовыя ўлады арганізавалі летнікі і ў іншых школах і ў дзіцячым інтэрнаце ў Воршы.

Падчас адной са зьменаў у летніку на базе школы дзеці два разы захворвалі на пэдыкулёз. Паводле інфармацыі грамадзянскай кампаніі «Наш дом», «кіраўніцтва летніка зьвязвалася з законнымі прадстаўнікамі дзяцей, патрабавала забраць іх дадому на апрацоўку. А тых, каго дадому не забіралі, “лячылі” ў самім летніку... Калі зьмена закончылася, дзеці былі вернутыя ў прыёмныя сем’і. З вошамі…»

Паводле словаў Генадзя Балбатоўскага, дырэктара Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лекаваньні насельніцтва, неабходнасьць абсталёўваць дзіцячыя летнікі на базе іншых установаў выкліканая бракам загарадных летнікаў. Аднак жыхары Воршы ўпэўніваюць, што такія летнікі стаяць напаўпустымі.