Друкаваць гэтую старонку
Серада, 31 Ліпень 2013

Пракуратура занепакоеная станам дзіцячых пляцовак у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Стан дзіцячых гульнявых пляцовак у Віцебску патрабуе больш пільнай увагі з боку мясцовых органаў улады. Такое меркаваньне выказала старшы памочнік пракурора Віцебску Вольга Каралёва. Паводле яе слоў, праведзены пракуратурай аналіз паказаў, што існуюць сур’ёзныя парушэньні патрабаваньняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў, што прад’яўляюцца да абсталяваньня дзіцячых гульнявых пляцовак.

У лік найбольш распаўсюджаных парушэньняў увайшлі адсутнасьць бясьпечнай пясчанай “падушкі” на месцы прызямленьня пры катаньні зь дзіцячай горкі, парушанае або адсутнае лякафарбавае пакрыцьцё на мэталічных канструкцыях, разламаныя пясочніцы. Асобную ўвагу Вольга Каралёва завострыла на фактах выяўленьня адкрытых каналізацыйных люкаў паблізу дзіцячых гульнявых пляцовак, разьмяшчэньня побач складоў з бытавым і будаўнічым сьмецьцем.

Па выніках аналізу пракуратура Віцебску накіравала кіраўнікам адміністрацыяў Першамайскага, Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў абласнога цэнтру прадстаўленьні з прапановай неадкладна правесьці комплекснае абсьледаваньне ўсіх гульнявых пляцовак, разьмешчаных на прыдамавых тэрыторыях, і прыняць меры па ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Крыніца: БелТА