«Беларускі Хэльсынскі камітэт» і праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікаюць зрабіць адкрытым працэс над Андрэем Гайдуковым. Актывіста вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Крымінальная справа накіраваная ў Віцебскі абласны суд.

Старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Зазуля ад імя дэпутатаў – сябраў камісіі падзякаваў Леаніду Сьвеціку за праяўленую ім ініцыятыву і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка законапраекту «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь», і праваабаронца накіроўваў у парлямэнт прапанову аб тым, якія зьмены, на яго думку, варта зрабіць.

Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2239/2013 зарэгістраваны трэці ў гэтым годзе зварот праваабаронцы Паўла Левінава. У сваім звароце Павал Левінаў просіць камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Праваабаронца Леанід Сьвецік зьвяртаўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з прапановай аб унясеньні зьменаў у выбарчы кодэкс. У прыватнасьці, ён прасіў дадаць у артыкул 11 выбарчага кодэксу азначэньне дзяржаўна-прававога статусу выбарчых камісіяў – у дзеючай цяпер рэдакцыі кодэксу такога азначэньня няма. Надоечы быў атрыманы адказ на прапанову: Лідзія Ярмошына паведаміла праваабаронцу, што ягоны зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.

Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2235/2013 і № 2236/2013 зарэгістраваныя два новыя звароты праваабаронцы Паўла Левінава. У гэтых зваротах Павал Левінаў просіць камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам шэрагу артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.